ЕНП заклікала прызначыць Спецыяльнага прадстаўніка ЕС па Беларусі

Па ініцыятыве Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і пры падтрымцы еўрапейскіх партнёраў Палітычная асамблея Еўрапейскай народнай партыі прыняла рэзалюцыю па Беларусі.
У рэзалюцыі ЕНП заклікае да вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення рэпрэсій, спынення ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны і гібрыдных атаках супраць краін Еўрапейскага саюза. Асобна ЕНП заклікае разгледзець прызначэнне Спецыяльнага прадстаўніка ЕС па Беларусі.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі: «Мы падрыхтавалі гэтую рэзалюцыю бо асабліва важна, каб цяпер, калі асобныя краіны ЕС ужо пачынаюць весці ўласныя перамовы з Лукашэнкам і заключаць двухбаковыя дамоўленасці, Еўрапейскі саюз меў адну ясную і скаардынаваную палітыку па Беларусі.
Такая агульная еўрапейская пазіцыя дасць больш магчымасцяў дамагацца канкрэтных вынікаў: вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, спынення рэпрэсій, спынення ўдзелу рэжыму ў расійскай агрэсіі супраць Украіны і гібрыдных атаках супраць краін ЕС.
Таму для нас асабліва важная прапанова аб прызначэнні Спецыяльнага прадстаўніка ЕС па Беларусі.
Мы таксама прапанавалі ЕНП разгледзець магчымасць стварэння спецыяльнай рабочай групы па Беларусі, магчыма ўжо на наступнай Палітычнай асамблеі. Беларусь павінна заставацца ў пастаянным знешнепалітычным парадку дня ЕНП».
На фота: Сустаршыня БХД Віталь Рымашаўскі, генеральны сакратар EPP — Dolors Montserrat, старшыня РЗС Юрый Губарэвіч.



