Пратэстанты ў Беларусі: “падазроная” канфэсія?

18 кастрычніка 2009 22:40  |  Артыкулы

Што стаіць за канфліктам вакол царквы “Новае жыцьцё” — інэрцыя бюракратычнай машыны альбо актыўнае непрыняцьце ўладамі пратэстанцкіх вернікаў? Чаму беларускія ўлады фактычна варожа ставіцца да пратэстанцкіх канфэсіяў, у адрозьненьне ад праваслаўнай і каталіцкай?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць палітоляг, вернік рэфармацкай царквы Ўладзімер Мацкевіч і палітычны аглядальнік газэты “Белорусы і рынок” Паўлюк Быкоўскі.

Усе канфэсіі роўныя. Але ёсьць раўнейшыя

Цыганкоў: “Апошнія падзеі вакол царквы “Новае жыцьцё” прымушаюць зноў задацца пытаньнем, ці ставіцца ўлада аднолькава да розных канфэсіяў. Выглядае, што розныя пратэстанцкія грамады сустракаюцца з такімі праблемамі, якіх ня ведаюць праваслаўныя ці католікі. Ці можна сьцьвярджаць, што ўлада па-рознаму ставіцца да розных канфэсіяў?”

Мацкевіч: “Гэтая няроўнасьць зафіксаваная нават на заканадаўчым узроўні. У прэамбуле закону “Аб свабодзе веравызнаньня” ўсе канфэсіі падзеленыя паводле пэўных прыкметаў. Там адзначаныя “традыцыйныя” канфэсіі — праваслаўе, каталіцызм, юдаізм, іслам і лютэранская царква. Але пратэстанты ў Беларусі зьявіліся ад самага пачатку Рэфармацыі. У 16-м стагодзьдзі, калі ў Эўропе пачалася Рэфармацыя, то пратэстанты зьявіліся і ў Беларусі.

Яшчэ адзін чыньнік стаўленьня да розных канфэсіяў — гэта іхні “ўнёсак у нацыянальную культуру”. Але як ацаніць гэты ўнёсак, хто яго больш зрабіў? Ці Ян Галубовіч, фундатар царквы ў Заслаўі, ці іншы фундатар, які пабудаваў касьцёл ці праваслаўную царкву? У гэтым сэнсе спробы на сёньняшні капыл узважыць значнасьць і ролю розных рэлігіяў і канфэсіяў ня маюць падставаў — ані навуковых, ані палітычных, ані дэмакратычных”.

Цыганкоў: “Чаму пратэстанты ня трапілі ў сьпіс “традыцыйных канфэсіяў”? Ці ўлады лічаць іх “падазронымі”, ці яны проста ня бачаць Трэба атрымліваць дазвол на правядзеньне малітвы — што, на мой погляд, дзікунства

у іх вялікай масавасьці і ўплыву?” Трэба атрымліваць дазвол на правядзеньне малітвы — што, на мой погляд, дзікунства

Быкоўскі: “Ёсьць такі панятак, як “новыя”, “новаўзьніклыя” канфэсіі, і яны ў заканадаўстве і ў практычнай сфэры, сапраўды, знаходзяцца ня ў вельмі выгадных умовах. Для іх узьнікаюць дадатковыя абмежаваньні — трэба атрымліваць дазвол на запрашэньне замежных сьвятароў, трэба атрымліваць дазвол на правядзеньне малітвы — што, на мой погляд, дзікунства.

Але дзяржава хоча мець добрыя стасункі з тымі канфэсіямі, якіх прытрымліваецца большасьць насельніцтва — праваслаўнымі і каталікамі. Іх яна паважае, зь імі лічыцца і ў некаторых выпадках супрацоўнічае. Што да пратэстантаў, то, паводле сацыялягічных апытаньняў, іх сярод вернікаў два працэнты. І дзяржава дазваляе сябе не лічыцца зь імі.

Зь іншага боку, дзяржава сапраўды ставіцца да іх падазрона, бо пратэстанцкія вернікі часам паводзяць сябе больш актыўна, чым іншыя. Палітычна актыўныя маладыя людзі, якія вызначаюцца апазыцыйнымі поглядамі, знаходзяць падтрымку ў пратэстанцкіх грамадах. Малады Фронт, БХД хутчэй могуць абапірацца на пратэстанцкія канфэсіі, і гэта накладае дадатковы адбітак. Інструмэнтальна дзяржава баіцца гэтых канфэсіяў, бо яны могуць падтрымліваць альтэрнатыўную думку, альтэрнатыўныя палітычныя дзеяньні”.

Улады баяцца самастойнасьці пратэстантаў

Цыганкоў: “Ці ёсьць тут такі аспэкт, што ў масавай сьвядомасьці пратэстанты ўвязваюцца з ЗША, бо менавіта адтуль ідзе падтрымка іх дзейнасьці і пашырэньня на тэрыторыі Беларусі?”

Быкоўскі: “Я думаю, гэта хутчэй было за савецкім часам, калі баптыстаў паказвалі ледзь не агентамі ЗША. Сёньня, хутчэй, варта казаць пра тое, што гэта тая канфэсія, зь якой улады ня могуць дамовіцца, бо ў іх няма аднаго цэнтру. Ёсьць 992 зарэгістраваныя пратэстанцкія грамады, няма адзінага цэнтру, зь якім можна дамовіцца. На іх нельга неяк цэнтралізавана націснуць палітычна ці эканамічна. Думаю, гэтая непадкантрольнасьць, а не ЗША, — самы важны чыньнік”.

Мацкевіч: “Калі паглядзець на гісторыю, то ў ЗША амаль не паўстала ніякіх канфэсіяў. Яны ўсе завезеныя туды з Эўропы. Вернікі ўцякалі ад ціску і перасьледу ў Амэрыку і там знаходзілі свабоду. А знайшоўшы яе, яны дапамагалі сваім братам у іншых краінах.

Беларусь не зьяўляецца радзімай ніводнай канфэсіі. Нават уніяцтва, якое, на думку некаторых, можа прэтэндаваць на ролю нацыянальнай хрысьціянскай царквы — хоць і паўстала ў ВКЛ і набыло сваё імя ад Берасьцейскай уніі, але ж гэтая царква падпарадкаваная папе рымскаму, уваходзіць у агульнакаталіцкую супольнасьць.

Калі ўжо браць сам прыклад “Новага Жыцьця”, то гэтая царква якраз мае лідэрства і цэнтар менавіта ў Беларусі. Пастар Ганчарэнка зьяўляецца аўтаномным самастойным лідэрам гэтай царквы, і адгалінаваньні яе ўжо ёсьць у Казахстане, Расеі, Азэрбайджане. У гэтым сэнсе гэтая царква нікім не кіруецца, і ўладу тут якраз палохае гэтая самастойнасьць. Калі ўзяць тое, пра што казаў Паўлюк, што апазыцыйныя палітыкі знаходзяць сярод пратэстантаў падтрымку — то гэта менавіта таму, што пратэстантам ні з кім ня трэба ўзгадняць сваю пазыцыю. Пратэстанты думаюць самастойна, у іх у кожнай асобы свае дачыненьні з Богам, у іх няма патрыярхаў”.

Інэрцыя самавольства

Цыганкоў: “Калі ад агульнай ацэнкі перайсьці да канкрэтнага выпадку з “Новым жыцьцём”, то ў чым вы бачыце прычыны гэтага канфлікту?”

Мацкевіч: “Для мяне відавочна, што тут адбываецца самавольства. Ці яно мае інэрцыйную прыроду, ці нехта зноў чамусьці пакрыўдзіўся на царкву альбо на Ганчарэнку, — але тое, што гэта недапушчальнае самавольства, гэта відавочна”.

Быкоўскі: “Тут вялікі элемэнт інэрцыі, хутчэй за ўсе. Працэс быў запушчаны вельмі даўно. Пасьля гучнай галадоўкі адміністрацыя прэзыдэнта ў асобе тагачаснага намесьніка кіраўніка Алега Праляскоўскага брала на сябе абавязак вырашыць сытуацыю праз суд. Гэтае вырашэньне доўжылася тры гады. Патлумачыць, чаму ўлады так змагаюцца за гэты былы кароўнік, немагчыма нейкай актуальнай палітычнай прычынай. Але сам працэс запушчаны, і пры тым стаўленьні, якое ў нас ёсьць да пратэстанцкіх канфэсіяў, тут хутчэй бюракратычная інэрцыя”.

Болей навін