20 год аднаўленьня душпастырскай дзейнасьці Грэка-Каталіцкай Царквы
20 год таму, у нядзелю 11 сакавіка 1990 г. мітрафорны протаярэй Аляксандр Надсан, Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа і Рэктар Беларускай Каталіцкай Місіі ў Лондане адслужыў ў Менску, у адзіным тады адкрытым у сталіцы касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа на Кальварыйскіх могілках, Боскую Літургію ў візантыйскім абрадзе на беларускай мове. Гэта была першая непадпольная, адкрытая грэка-каталіцкая Літургія ў паваеннай Беларусі. На гэтую Літургію прыйшлі сотні людзей.
“Тая Літургія сталася момантам аднаўленьня адкрытай літургічнай і душпастырскай дзейнасьці Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Літургія была адслужаная на беларускай мове ды з таго часу мы, беларускія грэка-католікі, лічым нашым асаблівым пакліканьнем і прывілеем маліцца на роднай мове.
На кожнай Боскай Літургіі ў храмах, капліцах, месцах малітвы паўтараем словы:
“За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь
і ўвесь беларускі народ,
за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях
і вернасьць свайму народу ўсіх нас, Госпаду памолімся.
Госпадзе, зьмілуйся”.
Малы Юбілей 20-годдзя адзначаем ціха – гэта час Вялікага Посту – у глыбокай малітоўнай задуме. Дзякуем Госпаду, што нашая Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, якая ніколі не перастала існаваць – людзкія ўлады ня могуць ліквідаваць Боска-людзкую рэчаіснасьць, якой зьяўляецца Царква – атрымала магчымасьць адкрыта прапаведваць Евангельля на роднай зямлі”
– сказаў дэкан менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў а. Яўген Усошын.
* * *
У чацьвер – 11 сакавіка 2010 г. молімся ў касьцёле на Кальварыйскіх могілках:
у 19:00 — удзельнічаем у сьв. Імшы
у 19:30 — Падзячны малебен
* * *
У грэка-каталіцкіх парафіях г. Менску адмысловыя падзячныя службы адбудуцца ў нядзелю – 14 сакавіка 2010 г.