Адбыўся суд над пастарам Ганчарэнкам
Суд Маскоўскага раёну разгледзеў адміністрацыйную справу супраць пастара царквы “Новае жыцьцё” Вячаслава Ганчарэнкі. Пастара абвінавацілі ў тым, што ён чыніў перашкоды супрацоўнікам Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, каб тыя агледзелі будынак. Прысуд будзе абвешчаны 1 кастрычніка.
Фармальнай падставай для складаньня пратаколу стаў выпадак, калі вернікі суполкі “Новае жыцьцё” не пусьцілі ў свой храм супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацый. Вернікі на агульным сходзе вырашылі не пускаць прадстаўнікоў розных структураў у свой храм на знак пратэсту супраць палітыкі гарадзкіх уладаў.
Нагадаем: канфлікт паміж пратэстанцкай суполкай і гарадзкімі ўладамі пачаўся ў жніўні 2005 году. Вернікаў спачатку пазбавілі зямельнага надзелу, а потым і храму (былога калгаснага кароўніка на ўскрайку Менску, які вернікі набылі і адрамантавалі за свае грошы). Пасьля гэтага пастара Вячаслава Ганчарэнку і адміністратара царквы Васіля Юрэвіча некалькі разоў штрафавалі за правядзеньне несанкцыянаваных набажэнстваў.
Вернікі распачалі пост-галядоўку і ў выніку пастара запрасілі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Яму паабяцалі вырашыць усе пытаньні ў судзе на карысьць вернікаў.
Сёлета Вышэйшы гаспадарчы суд пацьвердзіў усе ранейшыя рашэньні і вернікі прайгралі суд па ўсіх пазыцыях.
У адказ вернікі вырашылі не пускаць у храм прадстаўнікоў розных ведамстваў.
Юрыст царквы Сяргей Луканін: “Пажарныя зьявіліся ў нашай царкве адразу пасьля таго, як на БТ у эфір выйшла перадача, у якой вернікі нашай царквы былі паказаныя як нейкія парушальнікі закону і нават рэлігійнымі рэйдэрамі.
Тут і зьявіліся пажарныя. Відавочна, што гэтая акцыя была сплянаваная ўладамі. Спачатку Беларускае тэлебачаньне, потым гэтыя пажарныя. Чарговы раз паспрабавалі націснуць на нашу царкву і на нашага пастара Вячаслава Ганчарэнку. Дзякуй Богу, што гэта ў іх не атрымалася”.
Намесьнік кіраўніка службы нагляду Міністэрства надзвычайных сытуацый у Маскоўскім раёне Аляксандр Ляшкевіч: “У нас ёсьць графік праверкі ўсіх аб’ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Маскоўскага раёну. Разумееце, мы не правяраем арганізацыі — сядзяць там, ці не сядзяць людзі. Нас цікавіць пажарная бясьпека будынку. Наша мэта — прывесьці будынак, у прыватнасьці, будынак з масавым знаходжаньнем людзей, у належны супрацьпажарны стан.
Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка на судзе пацьвердзіў пазыцыю вернікаў:
Мы ў любым выпадку будзем працягваць гэтую акцыю непадпарадкаваньня і ня будзем нікога пускаць.“Мы ў любым выпадку будзем працягваць гэтую акцыю непадпарадкаваньня і ня будзем нікога пускаць. Мы перамагаем страх. Мы адчуваем, што праўда на нашым баку і бачым гэта. Гэта пытаньне даўняе і глыбокае. Мы не адступім”.
Судзьдзя Алена Шулько абвясьціла перапынак, каб падрыхтаваць судовую пастанову. Пастар Вячаслаў Ганчарэнка паведаміў, што ён разам зь іншымі вернікамі што былі на судзе, чакаць ня стануць і даведаюцца пра рашэньне 1 кастрычніка.
У выпадку, калі на пастара складуць некалькі пратаколаў, яго могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за невыкананьне судовых пастановаў.