Пра палітыку_не_ў_двукосьсі

08 снежня 2010 00:25  |  БХД

Допіс ЖЖ-блогера datcanin пра БХД і Віталя Рымашэўскага.

 

Паглядзеў нарэшце гэту штуку [тэледэбаты кандыдатаў – заўв. сайта БХД]. Мушу адзначыць, што на фоне ўсяго гэтага суцэльнага абсурду, які быў у студыі й увогуле падчас дурыбараў, у краіне адбылася адна важкая падзея: зьявіўся яшчэ адзін сапраўдны эўрапейскі палітык і першая сапраўдная эўрапейская партыя (зьяўляецца). Гаворка натуральна пра Віталя Рымашэўскага й ягоных хадэкаў. Падзея яшчэ тым больш знакавая, што ў маім краі пасьля савецкае акупацыі ўжо 70 гадоў не было ніводнае нармальнае жыцьцяздольнае эўрапейскае права-кансэрватыўнае партыі. Канешне, іх ідэі ў шмат чым розьняцца (але ў шмат чым і падобныя) ад маіх ідэалістычных радыкальных поглядаў, але гэта не так істотна.

БХД – гэта збольшага маладыя людзі, якія пабывалі ў розных рухах, але нарэшце вырашылі аб’яднацца вакол плятформы, якая для іх усіх блізкая зь гледзішча духоўных каштоўнасьцей і палітычных поглядаў, зь якаснай зразумелай ідэалёгіяй і праграмай. Яны ня маюць аніякае фінансавае ці ідэалягічнае падтрымкі з замежжа, досыць абмежаваныя ў сваіх рэсурсах. Але, як засьведчыла гэта прэзыдэнцкая кампанія, яны выкарыстоўваюць іх на 101%. Дастаткова глянуць на Рымашэўскага-палітыка: як ён сябе паводзіць (хамства шмат каго асабліва раздражняе), як трымаецца (зважаючы на ўсіх гэтых нэўротыкаў, дзёрганых, таварышаў з каменна-саўковымі тварамі, гіпнатызуючымі камэру ня горай знакамітае Гіпнажабы), як выглядае (на фоне чырвонагальштучных піянэраў – каб ЖЖ-сябры мне не падказалі, што гэта “сымбаль сьцягу”, я б да такога маразму сам не дадумаўся), як прамаўляе (і галоўнае што!)… Нават тут ён глядзеўся годна, хоць крыху й ненатуральна ў такіх “дэкарацыях” недапалітыкаў і недажурналістаў. Гэта палітык, які б цалкам натуральна глядзеўся ў парлямэнце Аўстрыі ці на тэлевізіі Даніі. Уважаючы як і за якія сродкі гэта было зроблена, я толькі здымаю капялюш перад гэтымі людзьмі.

Як заўважыў пан zibentiaj, “нават па знешняму выгляду нейкі зусім не падобны на тых, каго па скрыні паказваюць” – назіраньне вельмі трапнае, дадаючы: “не пераварыць яго 90% тутэйшай публікі”. І апошняе таксама слушна. Проста трэба разумець, што, зважаючы на ўзрост Рымашэўскага й ягонае партыі (і галоўнае – яе сяброў), гэта партыя будучыні, гэта новы эўрапейскі стандарт палітыкі для Беларусі, які яны зараз высунулі. Празь дзесяць гадоў ён сапраўды можа стаць кіраўніком дзяржавы, а ягоная партыя – вядучай ў парлямэнце. Таму што я, напрыклад, ведаю за каго мне цяпер галасаваць, каб не было потым сорамна за разных саўкоў, на першых дэмакратычных парлямэнцкіх ці мясцовых выбарах (зараз я на “выбары” канешне не пайду). А сёньняшнія дурыбары й іх зыход абсалютна не істотны для Рымашэўскага й БХД – я прынамсі шчыра спадзяюся, што ён таксама гэта выдатна разумее. Бо ня важна колькі адсоткаў на дурыбарах намалюе яму пані Лідзія: 1, 10 ці ўвогуле 0,01. Ня ведаю ці варта хадэкам таксама ўвязвацца ў гэтую “Плошчу”, але гэта іх рашэньне. Важна, што пасьля выбараў будзе ня менш працы, зважаючы на тую хвалю ціску, якая абрынецца на БХД, асабліва ў пытаньні рэгістрацыі партыі. Зрэшты гэта зразумела й зараз. І перадусім трэба будзе захаваць твар, тыя прынцыпы, якія былі высунутыя хадэкамі сёньня. Таму хачу пажадаць ім посьпеху й маю спадзеў, што БХД ня зьнізяць тыя стандарты, якія сама ж зараз задала ў беларускае палітыцы.

Дарэчы, вельмі пацешыла, як рэжысёр як мага больш пазьбягаў паказваць твар Рымашэўскага. Нават калі той казаў, камэра ўвесь час скакала на розных Гіпнажабаў, якія стаялі зь ім побач. Гэта ня дзіўна, бо Рымашэўскі значна выграе па ўсім пунктам ва ўсёй гэтай калгасна-прыгоннае шайкі-лейкі, якая зараз ва ўладзе ці ірвецца туды. Пацешыў яшчэ і фальцэт, на які зьляцеў голас журналіста ў канцы перадачы падчас няпростае размовы з Рымашэўскім.

PS Дарэчы, Пагоня пасуе Рымашэўскаму нашмат больш, чым Лукашэнку…;)

Болей навін