Еўразвяз пераважыў Расію у масавай свядомасці беларусаў

05 кастрычніка 2009 16:20  |  Палітыка

Пры гіпатэтычным выбары між аб’яднаннем з Расіяй і ўступленнем у Еўразвяз беларусы ўпершыню аддалі перавагу заходняму варыянту. Гэта засведчыла вераснёўскае нацыянальнае апытанне, зладжанае НІСЭПД.

Шмат гадоў сацыёлагі гэтай інстытуцыі ўпарта задавалі ў пэўнай ступені правакацыйнае пытанне: «Каб давялося выбіраць паміж аб’яднаннем з Расіяй і ўступленнем ў Еўрапейскі звяз, што б вы выбралі?».

І на расійскую шалю заўжды клалася большая доля галасоў. У верасні ж сёлета 42,7% рэспандэнтаў выбралі Еўразвяз, у той час як усходнюю суседку — 38,3%.

Натуральна, у рэале такі рэферэндум неверагодны. Аднак завостраная альтэрнатыва паказальная. І яна адлюстроўвае сённяшні геапалітычны шпагат Беларусі.

Доўгі час на карысць расійскага вектару працавалі і саўковая спадчына, і афіцыйная прапаганда «братняй інтэграцыі», і страх перад Захадам, што падсілкоўваўся той самай прапагандай ды ізаляцыяй.

І вось упершыню вектар геапалітычнай арыентацыі беларусаў набыў заходні кірунак.

Задавалі сацыёлагі і асобнае пытанне — ужо без разрывання мазгоў паспалітага люду драматычнай альтэрнатывай «Усход — Захад»:

«Каб зараз у Беларусі ладзіўся рэферэндум з пытаннем, ці ўступаць Беларусі ў Еўрапейскі звяз, якім быў бы ваш выбар?». Дык вось, у гэтакім разе «за» выказаліся 44,1%, «супраць» — 32,8%. Як бачым, еўрапейцаў выявілася яшчэ болей.

Трэнд жа за апошні год і ўвогуле ўражвае. У верасні летась пры адказе на такое ж пытанне за ўступленне ў Еўразвяз выказаліся толькі 26,7% нашых суайчыннікаў.

Такім чынам, праеўрапейскія настроі ў беларускім грамадстве за 12 месяцаў выраслі ледзь ці не ўдвая.

А сапраўдная супраца з Еўропай, лічы, яшчэ і не пачыналася. Тое, што мы гонім туды салярку, не лічыцца. На грошы Брусель не надта пакуль шчодры, ад крызісу ратуе найперш МВФ. «Усходняе партнёрства» — на сённяшні дзень толькі на паперы.

Змянілася ж атмасфера. Вецер пачаў дзьмуць у іншы бок. Нават Лукашэнка на апошняй прэс-канферэнцыі заявіў расійскім журналістам: хачу бачыць Беларусь еўрапейскай краінай!

Геапалітычная альтэрнатыва набывае ў масавай свядомасці новыя рысы. З аднаго боку, імідж усходняй суседкі становіцца ўсё меней прывабным. Зноў жа, і афіцыйны кіраўнік міжволі пастараўся, малюючы вобраз карумпаванай, бязладнай краіны з хцівай і драпежнай вярхоўкай. Спяць там і бачаць, як падкласці свінню сінявокай рэспубліцы. Блакуюць на мяжы рэфрыжэратары з малаком, каб скісла; трубы цераз Балтыку кладуць, на шалёныя выдаткі ідучы, каб толькі ямчэй было потым нас «нагнуць»… Ну, самі чулі, які вялікі рэестр розных паскудстваў.

З іншага боку, амаль сышла на нішто антызаходняя прапаганда. Як бачым, калі не палохаць народ рэгулярна «вераломным монстрам» ды гаротнай доляй польскага (літоўскага) селяніна, дык паспаліты люд хутка адыходзіць ад розных фобій-ксенафобій.

І яшчэ цікавы штрых. Лукашэнка зноў — вы таксама чулі — туманіць пытанне пра Абхазію ды Паўднёвую Асецію: маўляў, трэба вывучыць думку народу і ўсё такое. На самай справе свае даследчыкі пэўна ж не адзін ужо раз даклалі яму пра «вокс популі» ў гэтым пытанні. Наўрад ці там вялікая разбежка з вынікамі вераснёўскага даследавання НІСЭПД. А яны такія: 46,8% — за тое, каб Беларусь прызнала дзве каўказскія рэспублікі, і толькі 12% — супраць. Уражвае доля «пафігістаў» — аж 40%.

Тым не меней, салідная адносная большасць — «за». Лукашэнка праводзіў у жыццё і значна меней папулярныя рашэнні.

І тое, што зараз ён так выкручваецца — яскравы сімптом, што надта ж не хочацца псаваць дачыненні з Еўразвязам.

Болей навін