Зьміцера Шурхая і яшчэ пяцёх асуджаных сёння адвезлі на Акрэсьціна
Зміцер Шурхай, якога не выпусьцілі на свабоду пасля адбыцця пяці сутак арышту ў Берасці, а адразу завезлі ў Менск, быў сёння асуджаны ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы. За ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня ў Менску і непадпарадкаваньне міліцыі ён быў прысуджаны яшчэ на 10 сутак арышту і дастаўлены ў спецпрыёмнік-размеркавальнік на Акрэсціна.
Таксама сёння ў той жа суд былі дастаўленыя чацьвёра маладых людзей, якія былі затрыманыя 24 снежня каля цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Усе абвінавачваліся ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП РБ).
Вольга Дамарад, Міхась Мацкевіч і Алесь Кіркевіч арыштаваныя на 10 сутак адміністратыўнага арышту за акцыю салідарнасці з палітвязьнямі 24 снежня. Па абвінавачанні ва ўдзеле ў гэтай жа акцыі на 10 сутак асуджаны выпадковы мінак А. Жыгалка, які падчас затрымання ўдзельнікаў акцыі апынуўся побач, выходзячы з крамы.
Міхась Пашкевіч, які быў затрыманы сёння зранку, арыштаваны судом Маскоўскага раёну на 15 сутак за ўдзел у акцыі салідарнасці каля сценаў Акрэсціна 21 снежня. Ён адзіны, хто дамогся ўдзелу ў судовым працэсе адваката (Павел Сапелка), а таксама прысутнасці праваабаронцаў.