Дзяніс Садоўскі: Вынікі Ярмошынай – найгрубейшая фальсіфікацыя
Падчас прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў панядзелак, сакратар БХД Дзяніс Садоўскі падвёў вынікі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і зрабіў шэраг заяваў пра сам выбарчы працэс і тыя трагічныя падзеі пасля выбараў, якія скончыліся масавым збіццём мірных грамадзянаў і шматлікімі арыштамі актывістаў апазіцыі.
Цягам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратыі распаўсюдзілі больш за мільён агітацыйных матэрыялаў у падтрымку свайго кандыдата Віталя Рымашэўскага, правялі 68 сустрэчаў з выбаршчыкамі ў Менску і рэгіёнах, праз удзел у якіх сябрамі аргкамітэту сталі каля дзвюх тысячаў чалавек.
Аднак увесь час яны адчувалі перашкоды з боку ўладаў у вырабе агітацыйнай прадукцыі, адмове прадастаўлення памяшканняў, правакацыях на сустрэчах з выбаршчыкамі, а таксама штодзённых затрыманнях сябраў перадвыбарчага штабу ці друкаваных матэрыялаў.
Нягледзячы на гэта кіраўніцтва БХД ацэньвае ўдзел структуры ў кампаніі паспяховым, а само галасаванне і падлік галасоў – ілюзіяй выбарчага працэсу:
– Той факт, што 24 адсоткі ўдзельнікаў сустрэчаў з кандыдатам у прэзідэнты або яго даверанай асобаў, запісаліся ў БХД – гэта кажа пра вялікую падтрымку як самога Віталя Рымашэўскага, так і ідэяў хрысціянскай дэмакратыі. Падчас выступу на тэлебачанні, па радыё быў агучаны тэлефон, і за ўвесь ход кампаніі мы атрымалі больш за тысячу тэлефанаванняў з падтрымкаю і далучэннем у нашу партыю. Вынікі, агучаныя Ярмошынай, сведчаць пра найгрубейшую фальсіфікацыю выбараў. Ды і ўся хада кампаніі сведчыла пра гэта.
У сувязі з гэтым, па словах Дзяніса Садоўскага, актывісты БХД лічаць масавы выхад людзей на акцыю пратэсту супраць татальных фальсіфікацыяў 19 снежня канстытуцыйным правам грамадзянаў. Мірны характар гэтай акцыі неаднаразова падкрэсліваўся яе арганізатарамі.
Вінаватымі ў масавым збіцці дэманстрантаў сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі яшчэ раз назвалі правакатараў з боку сілавых органаў, дзеянні якіх неаднаразова спрабаваў спыніць і кандыдат ад партыі Віталь Рымашэўскі, у адказ на што быў моцна збіты і вымушаны быў звярнуцца па дапамогу, але нават у такім стане заклікаў людзей абараніць Дом ураду ад правакатараў.
Паводле Радыё Рацыі.