Наваградская актывістка БХД адмовілася ісці ў КДБ
«У апавяшчэнні было напісана, што мяне выклікаюць па пытанні – «бяспекі Рэспублікі Беларусь», але я дакладна ведаю, што гэта звязана з падзеямі 19 снежня» – распавяла Дар’я.
Дар’я Бахар пракансультавалася з праваабаронцамі і адмовілася ісці ў КДБ з тае прычыны, што апавяшчэнне не ёсць афіцыйнай паперай, як, да прыкладу, позва.
Са словаў Дар’і Бахар, у 11-30 супрацоўнік КДБ, як і абяцаў, яшчэ раз з’явіўся да яе на працу, праўда без міліцыі, і запатрабаваў, каб яна вярнула апавяшчэнне і напісала тлумачэнне, чаму адмаўляецца падпарадкоўвацца службовай асобе і не з’явілася ў КДБ на іх патрабаванне. Апавячшэнне яна вярнула, але тлумачэнне пісаць адмовілася. Пасля гэтага супрацоўнік КДБ паабяцаў, што ёю зоймецца пракуратура.
«Я запыталася, а чаму вы не з’явіліся з міліцыяй як абяцалі. Ён адказаў: «Вам патрэбныя толькі скандалы ў інтэрнэце, каб нашыя прозвішчы мільгалі там. Калі вы так, дык гэта будзе цяпер вырашацца законным чынам і праз пракуратуру» – распавяла Дар’я Бахар.
Вядома, што з падобным апавяшчэннем КДБ у Наваградку шукае яшчэ аднаго актывіста — Юрыя Казака.