Магілёўская каардынатарка БХД увесь час зняволення трымала галадоўку
Таццяна Шамбалава, каардынатарка БХД з Магілёву і давераная асоба Віталя Рымашэўскага, увесь час свайго зняволення, 9 поўных сутак, трымала галадоўку. Дарэчы, у зняволенні 20 снежня яна сустрэла і свой дзень народзінаў.
У інтэрв’ю прэс-службе БХД Таццяна сказала:
Я хачу ўдакладніць, супраць чаго я трымала галадоўку. Па-першае, у знак пратэсту супраць нашага антыканстытуцыйнага затрымання.
Па-другое, супраць антычалавечага абыходжання з намі да суда, калі нас паставілі на калідоры і да 12 гадзін дня не далі не толькі спаць, а нават не дазволілі прысесці. Я гэта расцэньваю як катаванне.
Па-трэцяе, я пратэставала супраць гэтага незаконнага суду, што працягваўся літаральна 2 – 3 хвіліны.
Таксама я пратэставала супраць умоў утрымання ў камеры, дзе мала святла, стаіць паўзмрок, там даволі холадна. Таксама я супраць таго, калі тых, хто паліць, і тых, хто не паліць, садзяць у адну камеру. А паколькі я трымала галадоўку, паленне ў камеры мне вельмі перашкаджала. Але, нягледзячы на ўсё, настрой у мяне бадзёры, я збіраюся падаць скаргу на мой незаконны прысуд, і гатовая да далейшай працы.
Нагадаем, што яшчэ каля 200 затрыманых у Менску застаюцца адбываць пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на 15 сутак. Падчас акцыі пратэсту ў Менску 19-20 снежня было затрымана больш за 630 чалавек. Суды прызначылі пераважнай большасці пакаранне ў выглядзе арышту ад 5 да 15 сутак.