На кватэры Андрэя Кіма прайшоў ператрус, самога актывіста шукае КДБ

31 снежня 2010 00:57  |  Навіны

На кватэры моладзевага актывіста, сябра БХД Андрэя Кіма, які толькі за дзень да гэтага быў вызвалены з турмы на Акрэсціна, у чацвер увечары прайшоў ператрус. Супрацоўнікі КДБ і міліцыі цягам гадзіны сканфіскоўвалі ў яго цвёрды дыск кампутара, а таксама шэраг носьбітаў інфармацыі – флэшкі, кампакт-дыскі.

 

Таксама падчас ператрусу былі сканфіскаваныя некалькі бел-чырвона-белых сцягоў і некаторыя дакументы, якія належаць Андрэю Кіму. 

 

Самога Андрэя Кіма ў час ператрусу ў кватэры не было – дзверы супрацоўнікам КДБ адчыніў ягоны бацька, які прысутнічаў увесь час пакуль адбываўся вобшук. Таксама былі запрошаныя паднятыя, якія ўвесь час прысутнічалі і фіксавалі тое, што адбывалася.

 

Маці актывіста Таццяне Кім, якая зараз знаходзіцца ў шпіталі з язвай страўніка, перад гэтым патэлефанавалі супрацоўнікі КДБ і запатрабавалі неадкладна з’явіцца па месцы прапіскі яе сына, а пасля адмовы жанчыны гэта зрабіць пагражалі патрапіць у памяшканне, зламаўшы дзверы.

 

– Папярэдзілі мяне пра ператрус, што маюць ордэр і узламываць збіраюцца кватэру, – падкрэсліла Таццяна Кім.

 

Ператрус адбываўся па падзеях 19 снежня, як паведамілі Таццяне Кім супрацоўнікі КДБ, яны шукаюць рэчы, датычныя да ўдзелу яе сына ў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці.

 

КДБ шукае і самога Андрэя Кіма, які падчас гвалтоўнага разгону мірнай дэманстрацыі 19 снежня атрымаў страсенне мазгоў і 10 сутак зняволення на Акрэсціна.  Як напісаў актывіст у сваім блогу, ён лічыць за цуд, што ўвогуле быў выпушчаны з Акрэсціна, і не жадае патрапіць адразу ў СІЗА КДБ. Таму ад учорашняга дня Кім не начуе па месцы прапіскі і не адказвае на тэлефанаванні.

Болей навін