Павел Севярынец адсвяткаваў 34-годдзе за кратамі. Інтэрв’ю з маці Паўла Таццянай Яўгенаўнай
Таццяна Яўгенаўна стараецца трымацца. Яна кажа, што дзень народзінаў Паўла ў сям’і звычайна адзначалі вузкім сямейным колам… У гэтым годзе віншаваць сына са святам Таццяна Яўгенаўна прыйшла ў КДБ…
— Да гэтага я змагла перадаць Паўлу дзве перадачы, — распавядае Таццяна Севярынец. — 29 снежня спрабавала перадаць сыну Біблію і віншавальную паштоўку. Паштоўка вельмі прыгожая, на ёй напісана: “Пусть в жизни будет всё, чтобы быть счастливым”. Я яе падпісала, але ні Біблію, ні паштоўку ў мяне для сына не прынялі…
— Калі Паўла апошні раз бачыў адвакат?
— Сына абараняе адвакат Павел Сапелка. Яны бачыліся 29 снежня падчас допыту, калі Паўла дапытвалі ў якасці абвінавачанага. Сам-насам ім сустрэцца не дазволілі. Ведаю, што сын адправіў два лісты дадому, але ніводнага з іх мы так і не атрымалі. Таксама ведаю, што нехта з сакамернікаў Паўла атрымлівае нейкія газеты. Таму, спадзяюся, што сын не знаходзіцца ў інфармацыйным вакууме. Акрамя таго, я паклала грошы на рахунак Паўла, але дакладна не ведаю, ці атрымаў ён іх…
— Ці дае ваш сын паказанні па гэтай крымінальнай справе?
— Шчыра кажучы, не ведаю. Адвакат пра гэта нічога не кажа. Але я ўпэўнена, што ўсе палітыкі, якія зараз утрымліваюцца ў СІЗА КДБ, ніякага дачынення да беспарадкаў не маюць…
— Як трымаецца Павел?
— Адвакат кажа, што нармальна… Паша ёсць Паша, ён мужны, адданы і самаахвярны, ведае, як сябе паводзіць у зняволенні.
— Таццяна Яўгенаўна, вядома, што ў Паўла ёсць пэўныя праблемы з сэрцам…
— Са слоў адваката, выгляд у Пашы стомлены… А што да праблем са здароўем… Ведаеце, я стараюся пра гэта не думаць… Бо калі прыходзяць такія думкі, сама пачынаю паміраць… Але на здароўе Павел не скардзіўся…
— Ці будзеце вы дабівацца сустрэчы з сынам?
— Безумоўна. Адпаведную заяву я збіраюся напісаць напярэдадні праваслаўных Калядаў…