Сёння ў менскім КДБ дапыталі Дземідзенку, заўтра дапытаюць Шэіна
Сёння ў менскім КДБ быў дапытаны сябра БХД і Маладога Фронту Мікола Дземідзенка, які падчас выбарчай кампаніі з’яўляўся даверанай асобай Віталя Рымашэўскага. Допыт працягваўся 5 з паловай гадзінаў. Гэта пры тым, што толькі учора Дземідзенка быў вызвалены з Жодзінскай турмы пасля 15 суткавага арышту, а вярнуўшыся дахаты, ён даведаўся пра тое, што ў гэты час у ягонай кватэры прайшоў ператрус.
“З жодзінскага СІЗА я вярнуўся ўчора дахаты і заўважыў, што дома нехта пабываў, рэчы перавернутыя, але нічога не забралі, бо не было ніякіх кампутараў ці носьбітаў інфармацыі”, – распавёў Мікола. – “А сёння мне патэлефанавалі, назваліся следчымі Камітэта дзяржаўнай бяспекі і папрасілі з’явіцца на допыт у якасці сведкі. У Жодзіна мяне ўжо дапытвалі двойчы, першы допыт прайшоў 31 снежня, другі ўчора перад самым выхадам”.
А заўтра, 6 студзеня, у 11.00 на допыт у КДБ выкліканы сустаршыня БХД Аляксей Шэін, які таксама нядаўна быў вызвалены з Акрэсціна пасля адбыцця 12 сутак арышту.