Сваякі палітзняволеных звярнуліся да Бенедыкта XVI

06 студзеня 2011 09:52  |  Навіны

Ініцыятыва сваякоў беларускіх палітзняволеных “Вызваленне” звярнулася да Папы Рымскага Бенедыкта XVI з просьбай падтрымаць невінаватых грамадзян, якія знаходзяцца за кратамі, малітвай і дапамагчы ў вызваленні іх з турмаў. У звароце гаворыцца, што ноч з 19 на 20 снежня стала для беларусаў “адным з самых страшных момантаў у найноўшай гісторыі”.

“Пратэстуючы супраць фальсіфікацыі выбараў, на вуліцы беларускай сталіцы выйшлі больш як 50 тысяч чалавек, але ўлады пайшлі на беспрэцэдэнтныя па жорсткасці рэпрэсіі, спрабуючы ўтрымаць уладу любой цаной. На працягу адной ночы, якая надышла за днём выбараў, былі збітыя і арыштаваныя больш за тысячу чалавек. Сёння гэтыя людзі знаходзяцца ў беларускіх турмах. У турме КДБ сёння ўтрымліваюцца 23 чалавекі, 5 з якіх — кандыдаты ў прэзідэнты на мінулых выбарах, 3 — журналісты, астатнія — кіраўнікі штабоў і давераныя асобы кандыдатаў. Іх абвінавачваюць у арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, крымінальны артыкул за якія прадугледжвае да 15 гадоў турмы. Сёння гэтыя людзі сталі заложнікамі ўлады, як і астатнія 9,5 млн. беларусаў, што жывуць у краіне. Сёння Беларусь агорнута цемрай. Працягваюцца арышты актывістаў, пагромы рэдакцый незалежных сайтаў і газет, вобыскі на кватэрах. Улады шантажыруюць палітзняволеных іх маленькімі дзецьмі, якія засталіся на волі”, — зазначаецца ў звароце.

Яго аўтары просяць  Папу Рымскага сваёй малітвай падтрымаць беларусаў, якія знаходзяцца за кратамі, і выкарыстаць свой аўтарытэт для вызвалення невінаватых з турмаў.

 

Паводле БелаПАН

Болей навін