Сёння з Акрэсціна вызвалены Зміцер Шурхай: “Сведку мне прызначылі ў РАУСе”

06 студзеня 2011 10:59  |  Навіны

Сёння са спец-прыёмніка на Акрэсціна быў вызвалены Зміцер Шурхай, які быў даверанай асобай і адным з самых актыўных памочнікаў кандыдата ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, каардынатарам збору подпісаў па Берасцейскай вобласці.

 

Спачатку Шурхай быў асуджаны ў Берасці быццам бы за лаянку і хуліганства на 5 сутак.  Але пасля адбыцця арышту ў Берасці, яго не выпусцілі на свабоду, а адразу завезлі ў Менск, дзе асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня ў Менску яшчэ на 10 сутак арышту і даставілі на Акрэсціна. 

 

Прэс-службе БХД Зміцер распавёў: “Спачатку мяне асудзілі ў Берасці быццам бы за лаянку матам і хуліганскія дзеянні на 5 сутак. Хацелі асудзіць за бойку з міліцыянтамі, але няправільна склалі пратакол і справа развалілася.

 

У нядзелю 26-га павінен быў выйсці на волю ў 22.40, вельмі радаваўся. Але ў ленінскім РАУСе мяне не вызвалілі, а перадалі супрацоўнікам міліцыі і павезлі кудысьці. У машыне ужо сказалі, што вязуць ў Менск. Бачыў з машыны шмат людзей, якія прыйші мяне сустракаць, вельмі ўдзячны ўсім. 

У Менску мяне завезлі ў Маскоўскі РАУС, склалі пратакол, што быццам бы бачылі мяне 19-га, як ішоў па пр. Незалежнасьці, выкрыкваў лозунгі. Завезлі ў суд разам з затрыманымі 24-га снежня ля Акрэсціна і асудзілі яшчэ на 10 сутак.

 

На допыце я сказаў, што на плошчы быў, але 23-40, як сцвярджаў сведка-міліцыянт, там мяне ўжо не было. Супрацоўніка міліцыі, які быццам бы быў сведкам, бачыў упершыню. Сведкам мне яго прызначыў у РАУСе адказны па працы з моладдзю Кротаў.

Усе 10 сутак сядзеў на Акрэсціна, быў у адной камеры з ахоўнікам Саннікава Леанідам, затым з Арцёмам Дубскім і Міхасём Пашкевічам, з якім мяне разам і судзілі, а апошнія 3-е сутак сядзеў са Зміцерам Федаруком, якога павінны выпусціць сёння ў 2 гадзіны начы.”

Болей навін