Пасланні праваслаўных іерархаў на Раство Хрыстова

07 студзеня 2011 20:16  |  Навіны

Пасланні на Раство Хрыстовае праваслаўных іерархаў Беларусі і свету.

 

Пасланне на Раство Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

 

Прамудрасць збудавала сабе дом, выцесала сем слупоў яго… яна сказала: “…пакіньце неразумнасць, і жывіце, і хадзіце шляхам розуму” (Прам. 9: 1, 7)

Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!
 З глыбіні біблейскіх часоў гучыць заклік Бога да человека — ісці шляхамі ісціны і здзяйсняць падарожжа свайго жыцця шляхамі розуму.

Магчыма, хтосьці ўспрыме гэтыя словы толькі як літаратурны вобраз, пышную фразу, якая амаль не мае адносін да паўсядзённага жыцця і штодзённых праблем. Але гэта не так! Бо сёння мы святкуем падзею, якая для кожнага чалавека раскрыла дакладны і ясны сэнс гэтага Божага закліку.

Сёння нарадзіўся ў свет Сын Божы, Сын Чалавечы! І Ён сведчыў пра Сябе тымі самымі словамі і вобразамі, якія сыходзілі з вуснаў Яго Нябеснага Айца: “Я — шлях, і ісціна, і жыццё: ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як праз Мяне” (Ін. 14: 6).
Свет людзей, у якім заззяла Віфлеемская зорка Спасіцеля, жорсткі і саманадзейны. Але гэты свет здольны змяняцца, калі зварот да дабра адбываецца ў чалавечых сэрцах.

Нараджэнне і зямное служэнне Госпада Іісуса Хрыста, Яго словы і малітвы, самаахвярны подзвіг і ўваскрасенне з мёртвых сталі не толькі натхняльным прыкладам для хрысціян усіх часоў і народаў. Евангельская гісторыя і евангельскае вучэнне раскрылі перад чалавечым родам самыя падрабязныя настаўленні і парады, перасцярогі і нават прадказанні адносна таго, як зрабіць сваё жыццё паўнавартасным не толькі ў зямным вымярэнні, але і ў бессмяротнай вечнасці.

Дзіцятка Іісус нарадзіўся ў пячоры, дзе ў непагадзь гаспадары трымалі сваіх авечак. У Віфлееме, куды Святое Сямейства прыбыло для перапісу насельніцтва Рымскай імперыі, ім не знайшлося месца ні ў перапоўненым пастаялым двары, ні ў доме людзей, якім належала пячора. Аднак гэта не было віною альбо сведчаннем жорсткасці сэрцаў жыхароў горада. Наадварот: тайна нараджэння чалавека ў свет заўсёды патрабуе адасобленасці для маці, а ў шумным горадзе і сапраўды не было месца больш прыдатнага.

Але як дзівосна і правідэнцыйна уладкавала Божая Прамудрасць дом для Нованароджанага Богадзіцяці Хрыста! Паводле падання, у ноч Ражджаства ў пячоры адкрылася крыніца; тут былі яслі і зерне. І калі маленькі Іісус спавіты быў пакладзены Прачыстаю Маці ў гэтую хлебную калыску, тады замкнулася сувязь часоў: у “горадзе хлеба”, як перакладаецца слова “Віфлеем”, у яслях, напоўненых хлебам, ўзлёг “хлеб жывы, які сышоў з неба” (Ін. 6: 51).

Прамудрасць стварыла для сябе дасканалы дом, заснаваны на Тайнах, якія раскрываюцца і робяцца зразумелымі і даступнымі ўжо не для вузкага кола абраных, а для кожнага чалавека. Гэты дом мы называем Царквою Божаю, — Хрыстовай Царквой, якая створана Богам для людзей, і складаецца з людзей, і Заснавальнік якой — Сын Божы, Сын Чалавечы.

Мы маем цудоўную традыцыю ўладкоўваць калядныя вярцепы ў храмах і ў дамах, у царкоўнопрыходскіх школах і наогул паўсюль, дзе людзі радуюцца Ражджаству Хрыстоваму. Але давайце працягваць гэтую традыцыю і ў паўсядзённым жыцці, уладкоўваючы нашы сем’і і нашы дамы як месцы знаходжання Бога. Давайце увасабляць Віфлеемскую святыню ў сваім жыллі і ў сваіх сем’ях, дзе не будзе месца ні смеццю, ні спрэчкам; дзе святло Ражджэственскай зоркі асвятляе словы і думкі; дзе багавейная цішыня любові і ўвагі да чалавека не падменьваюцца шумам пустасло’ўя і бураю пажаднасцей.

Гасподзь наш Іісус Хрыстос сказаў, што “не прыйдзе Царства Божае прыкметна, і не скажуць: “вось, яно тут”, ці: “вось, там”. Пры гэтым Спасіцель з асаблівай настойлівасцю падкрэсліў, кажучы Сваім суразмоўцам: “…вось, Царства Божае ўнутры вас” (Лк. 17: 20–21).

А гэта азначае, што дасканалы дом нашага жыцця — мара кожнага чалавека пра сямейны ачаг, пра ўласнае прасторнае і ўтульнае жыллё, пра непарушнае бацькоўскае лона — пачынаецца не з крэдытаў і не з праектаў, а з больш цвёрдай асновы. Увасабленне гэтай мары ў жыццё павінна пачынацца з рашучасці ўдасканальваць сваю асобу, уладкоўваць свае адносіны з бліжнімі і дальнімі, развіваць ўзаемаадносіны з Богам па законах Таго, Хто стварыў увесь гэты бачны і нябачны свет, — па законах Самога Тварца.

Бо, по сутнасці, ніхто з людзей не з’яўляецца гаспадаром свайго жыцця, і ўсе мы толькі дойліды па ўзвядзенню храма сваёй душы і свайго лёсу. Каго нам вінаваціць, калі ў гэтай якасці мы бываем хлуслівымі і несумленнымі, лянівымі і недапытлівымі, саманадзейнымі і жорсткімі? І хто вінаваты, калі храмы нашых сэрцаў ў выпрабаванні аказваюцца ўбогімі хацінамі, і знешнія фасады не могуць схаваць унутранай спустошанасці? Сапраўды горкі прыклад чалавека, на якім спраўджваецца папярэджанне Тварца: “Калі Гасподзь не збудуе дом, то марна працуюць будаўнікі яго” (Пс. 126: 1).

Узлюбленыя браты і сёстры! Мне хацелася б падмацаваць сваю думку прыкладам з нашай агульнай гісторыі. У бягучым годзе спаўняецца 850 год з таго дня, калі прападобная маці наша Еўфрасіння, ігумення Полацкая, унесла выраблены па яе благаславенню уздзвізальны крыж у Спаса-Праабражэнскі храм сваёй абіцелі.

Ці думала яна ў той час, што працягвае справу роўнаапостальнага князя Уладзіміра, ствараючы духоўную аснову Белай Русі, — аснову, на якой будзе ўзрастаць і ўмацоўвацца шматвяковая гісторыя беларускай духоўнасці і дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры і самабытнасці?

Ці прадбачыў майстар Лазар Богша, працуючы восем з паловай стагоддзяў таму над Полацкім крыжам, што на рубяжы XX і XXI стагоддзяў яго шэдэўр будзе ўзноўлены як сімвал гістарычнай, рэлігійнай і дзяржаўнай годнасці беларускага народа?
Ці думаў дойлід Іаан, бачачы відавочную дапамогу Божую ў будаўніцтве Спаса-Праабражэнскага храма, што гэты дом Гасподні стане духоўнай калыскай заходнерускага манашаства і выстаіць перад усімі вогненнымі віхурамі, якімі будуць напоўнены наступныя восем з паловай стагоддзяў?

Кожны з іх і яшчэ сотні і тысячы рупліўцаў нівы Хрыстовай змірэнна і настойліва здзяйснялі справу свайго жыцця, да якой былі закліканы, і плады гэтых спраў знайшлі бессмяротнасць яшчэ ў цяперашняй зямной гісторыі.
Успамінаючы іх святыя імёны, мы заклікаем да асаблівай адказнасці за дзеянні сённяшніх дзён. Мы будуем наш агульнанацыянальны дом і клапоцімся пра яго лёс у прасторы дома агульнаславянскага, агульнаеўрапейскага і агульначалавечага. Якім яму быць, залежыць ад духоўнай і грамадзянскай якасці тысяч і мільёнаў дамоў і сем’яў суайчыннікаў нашых, ад прыгажосці храмаў душ нашых і набожнасці абіцеляў сэрцаў нашых.

У дзейсным усведамленні гэтага заключаецца прамудрасць нацыянальнага домаўладкавання. І на агульнанародным, і на асабістым узроўнях аднолькава важным застаецца абяцанне Таго, Хто нарадзіўся сёння ў Віфлееме — Госпада нашага Іісуса Хрыста: “Хто любіць Мяне, той выканае слова Маё; і Айцец Мой узлюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і абіцель у яго створым” (Ін. 14: 23).

Сардэчна вітаю з Раством Хрыстовым усіх вас, дарагія браты і сёстры! Калядныя добрыя пажаданні накіроўваю суайчыннікам нашым, якія знаходзяцца за межамі беларускай Айчыны, і сведчу перад усім хрысціянскім светам вялікую радасць адкрыцця праз Ражджаство тайны Промыслу Божага: “Слава ў вышніх Богу, і на зямлі мір, у людзях добрая воля!” (Лк. 2: 14).

 

Пасланне Архіепіскапа Канстанцінопальскага-Новага Рыму і Ўсясветнага Патрыярха Варфаламея на Раство Хрыстова

Любыя браты і блаславёныя дзеці ў Госпадзе,

Сярод цьмянай атмасферы панавання апошнім часам па ўсім свеце шматстайнага крызісу – эканамічнага, сацыяльнага, маральнага і, у першую чаргу, духоўнага, які спарадзіў у людзях памнажэнне гневу, горычы, разгубленасці, заклапочанасці, трывогі, расчаравання і страху за заўтрашні дзень, салодка гучыць голас Царквы:

«Прыйдзіце, верныя, і духам уздымемся да Боскага, і пабачым Божае зыходжанне з нябёс, у Віфлееме нам аб’яўленае…»
(Сціхіра 6-й гадзіны на Раство Хрыстова).

Хрысціяне маюць непахісную веру ў тое, што Бог не проста абыякава спазірае з вышыняў на шлях чалавека, якога Ён Сам стварыў на Свой вобраз і падабенства. Так, учалавечанне Яго Адзінароднага Сына і Слова было ад пачатку Яго “добрай воляй”, Яго адвечным жаданнем, Яго “спрадвечнай задумай” – успрыняць на сябе з надзвычайнай любові створаную Ім чалавечую прыроду, каб учыніць яе “сулучнай з Божай прыродай” (2 Пятра 1:4). Сапраўды, Бог пажадаў гэта яшчэ да падзення Першаствораных, і нават да самога іх стварэння! Пасля падзення Першаствораных “спрадвечная задума” аб Уцялесненні прыняла Крыж, Бязвінныя Пакуты, Жыццядайную Смерць, Сашэсце ў пекла, і трохдзённае Уваскрэсенне, каб раз і назаўжды быў пакладзены канец граху, які бясчынна ўварваўся ў стварэнне і атруціў ўсё, а таксама смерці, якая спотайку пранікла ў жыццё, і чалавек мог напоўніцу скарыстацца адвечнай спадчынай Айца.

 

Аднак Боская ласка Раства не абмежоўваецца выключна адвечным. Яна таксама тычыцца і таго, што мае дачыненне да нашага зямнога падарожжа. Хрыстос прыйшоў у свет, каб абвесціць Царства Нябеснае і каб нас увесці ў Яго, аднак, Ён прыйшоў таксама, каб дапамагчы і ацаліць чалавечую слабасць. Цудатворным чынам і шматразова ён наталяў натоўпы тых, хто слухаў Ягоныя словы, ачышчаў струплёных, уздымаў спаралізаваных, даваў зрок сляпым, слых – глухім, голас – нямым, вызваляў апанаваных ад нячыстых духаў, уваскрашаў памерлых, абараняў правы тых, хто цярпеў уціск, і тых, хто быў адрынуты; Ён асуджаў няправеднае багацце, жорсткасць да бедных, крывадушніцтва і пыху ў чалавечых стасунках, і Ён аддаў Самога Сябе як прыклад добраахвотнай самаахвяры дзеля ўсіх іншых! Пэўна, гэтае вымярэнне весткі Божага ўцялеснення варта асабліва падкрэсліць у сёлетняе Раство. Многія іншыя людзі і іншыя хрысціяне перажываюць страшэныя спакусы ў бурлівым крызісе. З’явілася незлічоная колькасць беспрацоўных, новых беднякоў, бяздомных, моладзі з “разбуранымі марамі”. Аднак Віфлеем перакладаецца як “Дом Хлеба”! Таму мы, веруючыя хрысціяне, мусім дзяліцца з нашымі братамі ў турботах не толькі “хлебам сутным”, гэта значыць Хрыстом, які ляжыць спавіты ў простых яслях у Віфлееме, але і надзённым ядомым хлебам, патрэбным для выжывання, і ўсім “патрэбным для цела” (Як. 2: 16). Цяпер час практычнага ўвасаблення Евангелля з годным пачуццём адказнасці! Час дакладнага ажыццяўлення словаў апостала: “Пакажы мне веру тваю са справаў тваіх” (Як. 2: 18)! Час і магчымасць, каб узняць розум да Боскіх рэчаў, на вышыню высакароднай цноты Любові, якая набліжае нас да Бога.

Гэта мы дабравесцім усім дзецям Усясветнага Патрыярхату са святой і пакутніцкай кафедры, Царквы бедных дзеля Хрыста, заклікаем на ўсіх Божую міласць і бязмежную міласэрнасць, мір і ласку Учалавечанага ад Духа Святога і Марыі Дзевы Адзінароднага Сына і Слова Божага, Якому належыць слава, улада, пашана і пакланенне, з Айцом і Духам на вякі вечныя. Амін.

 

 

Каляднае архіпастырскае пасланьне кіраўніка Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, япіскапа Наваградзкага і Паўночна-Амэрыканскага Сьвятаслава Логіна.

Дарагія браты й сёстры ў Хрысьце!

 

Ужо болей за дзьве тысячы гадоў, як з волі Госпада, Сын Божы прыняў чалавечае цела і нарадзіўся ад Прачыстае Дзевы. Гэты прыход Мэсіі, прадказаны прарокамі, людзі чакалі стагодзьдзі. Але адразу пасьля нараджэньня, Ісус сустрэўся зь нянавісьцяй і небясьпекай. Цар Ірад, каб пагубіць нованароджанага нябеснага Ўладара, загадаў забіць тысячы малых дзетак у Бэтлееме з-за боязі страціць уладу над Палестынаю, якою кіраваў. Гэтая крывавая падзея ўспамінаецца ў Сьвятым Дабравесьці дзеля таго, каб мы разумелі бязьлітаснасьць граху, дзеля перамогі над якім і прыйшоў на зямлю Сын Божы.

У часы ганеньняў нашае веры хрысьціянаў катавалі прылюдна, каб іншыя баяліся прымаць праўдзівую веру, якая робіць чалавека вольным ад улады граху над ім.

Але Хрысьціянства вытрымала цяжкія пакуты, бо яно прынесла ў сьвет нябачную раней любоў паміж людзьмі, якая ёсьць падмуркам цяперашніх законаў маральных і дзяржаўных. Але жорсткасьць нашага сьвету й дагэтуль не спынілася. І ў наш час існуюць ірады, якія кіруючы дзяржавамі, не карыстаюцца Божымі запаветамі.

Вернікі, якія прынялі ў сваё сэрца Хрыстовае вучэньне, павінны разумець, што ёсьць ад Бога, а што – ад нячыстага. Ці можа Хрысьціянская Ўлада ваяваць з уласным народам, што тое самае, што ваяваць з Богам? І ці можа Хрысьціянская Царква віншаваць Ірада з чарговай крывавай перамогай над сваім народам?

 
Самая падзея выкупленьня Збаўцам чалавецтва адбылася празь некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля Ягонага нараджэньня. Таму гэтае сьвята – сьвята надзеі, зьдзяйсьненьне якой яшчэ адбудзецца ў будучыні, чаму й нават у часы найбольшага ліхалецьця ў Беларусі, народ радасна сустракаў Каляды з надзеяй на лепшую долю.

Дык разам паднясем малітву да Ўсявышняга за нашых блізкіх, за вернікаў розных Хрысьціянскіх Цэркваў, за Змагароў, што йдуць пад сьцягам Хрыста і за тых, хто яшчэ супраць Яго, за зьняволеных і пакутуючых, за Маці-Беларусь і ўсіх беларусаў-ліцьвіноў, што жывуць на Бацькаўшчыне і ў замежжы, каб Калядная зорка ўказвала нам шлях да нацыянальнае згоды і да Ўладарства Божага.

І каб каляднікі прыходзілі да кожнага беларускага памешканьня, віншуючы ўсіх.

 

Хрыстос нарадзіўся! Слаўце Яго!

 

Паводле http://churchby.info і сайта “Радыё Свабода”

Болей навін