Заява надзвычайнай Рады аргкамітэта БХД

10 студзеня 2011 12:05  |  Галоўныя навіны

Заява надзвычайнай Рады аргкамітэта Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя з нагоды падзеяў 19 снежня 2010 года, якая была прынятая ў суботу 8 студзеня на паседжанні пашыранай надзвычайнай Рады аркамітэта БХД. Надзвычайная Рада была скліканая экстраным кіроўчым штабам БХД, створаным ў сувязі з масавымі затрыманнямі сябраў і кіраўніцтва БХД ў апошнія тыдні 2010 года.

 

Прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі 19 снежня 2010 года, нельга лічыць легітымнымі. Ціск на сябраў ініцыятыўнай групы падчас збору подпісаў за вылучэнне Віталя Рымашэўскага кандыдатам у прэзідэнты і падчас агітацыйнай кампаніі, прымусовае датэрміновае галасаванне маштабныя фальсіфікацыі ў час галасавання і падліку галасоў вымушаюць нас канстатаваць, што гэтыя выбары нельга лічыць сумленнымі і празрыстымі. Гэта пацвяржае і тая неадэкватная жорсткая рэакцыя ўлады на мірную дэманстрацыю, што адбылася ў Мінску ў  дзень галасавання.

 

На працягу наступных двух тыдняў у краіне адбываюцца масавыя ператрусы і арышты. Пад рэпрэсіі падпадаюць незалежныя СМІ, актывісты партыяў і грамадскіх арганізацыяў. Супраць сямі кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама іх давераных асобаў узбуджаная крымінальная справа. Па гэтай крымінальнай справе быццам бы аб масавых беспарадках абвінавачваюцца кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, кіраўнік яго выбарчага штаба Павал Севярынец, а таксама яшчэ больш за дваццаць чалавек, прычым Севярынец і большасць абвінавачаных знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ.

 

У гэтый сітуацыі мы заяўляем што асноўным накірункам нашай дзейнасці зараз з’яўляецца спыненне крымінальных справаў супраць лідэраў аргкамітэта Партыі БХД Віталя Рымашэўскага і Паўла Севярынца, іншых палітычных закладнікаў рэжыму і іх вызваленне, а таксама змаганне за свабодныя выбары. Мы заяўляем пра неабходнасць самых рашучых дзеянняў, накіраваных на вызваленне усіх палітычных вязняў. 

 

Аргкамітэт Партыі БХД заяўляе, што нягледзячы на затрыманне супрацоўнікамі КДБ кіраўнікоў нашай партыі, мы працягваем сваю актыўную дзейнасць, заснаваную на хрысціянскіх каштоўнасцях. У такі цяжкі час для нашай краіны БХД з’ядналася мацней, мы яшчэ больш усведамляем нашую адказнасць перад Беларускім народам і зробім усё, што ад нас залежыць, каб зрабіць Беларусь свабоднай і дэмакратычнай.

 

Надзея на рэальныя змены ў Беларусі ­– у нашай еднасці. Дух, які паўстаў падчас і пасля плошчы, паказвае духоўную моц нашага народу. Ніводзін учынак, які не грунтуецца на любові, не мае права на існаванне. Шлях да выпраўлення, паляпшэння сітуацыі, свабоды, незалежнасці, да Беларусі палягае ў любові і павазе адзін да аднаго. БХД заўсёды выступала і выступае за негвалтоўны супраціў, а любыя заклікі да радыкальных, гвалтоўных дзеянняў расцэньвае як правакацыю і будзе спыняць усімі сваімі сіламі.

 

Мы звяртаемся да беларускіх дэмакратычных рухаў і партыяў, а таксама да міждународнай супольнасці праявіць яшчэ большую салідарнасць і падтрымку  палітычных вязняў, адкласці свае палітычныя амбіцыі і старыя крыўды і прыкласці ўсе супольныя намаганні для вызвалення нашых лідэраў! Разам мы пераможам!

 

Жыве Беларусь! Жыве з Богам!

Болей навін