Севярынец у зняволенні моліцца за Беларусь і піша кнігу

11 студзеня 2011 17:30  |  Галоўныя навіны

 

Апошнія звесткі пра лідэра БХД Паўла Севярынца, зняволенага ў следчым ізалятары КДБ, сябры і сваякі атрымалі ад сябра АГП Алега Корбана, які 7 студзеня быў адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Корбан сем дзён сядзеў у адной камеры з Севярынцам і распавёў, што Павал у гэты час маліўся за Беларусь і пісаў сваю кнігу.

 

Маці Паўла Севярынца віцебская каардынатарка БХД Таццяна Яўгенаўна, якая пакуль так і не змагла дамагчыся сустрэчы з сынам, распавядае:

 

“Свежых навінаў няшмат. Ведаю толькі, што з Паўлам пэўны час у адной камеры сядзеў выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе Алег Корбан. Учора я стэлефанавалася з Алегам. Ён распавёў, што Паша трымаецца спакойна, распавядае сукамернікам пра біблейскія запаветы і хрысціянскую дэмакратыю, піша кнігу, моліцца. Адвакат з ім так пакуль зноў і не сустрэўся.

 

Паўлу перадавалі некалькі перадачаў. “Першую перадачу ён атрымаў дакладна, радаваўся, быў вельмі ўдзячны. У той час у камеры ў кагосьці знайшлася Біблія, якую адразу перадалі Паўлу. А ўвогуле ён не вельмі патрабавальны да ўмоваў, галоўнае, каб была асадка, папера і Біблія”, – кажа маці Паўла Севярынца.

Яна атрымала пісьмовы адказ кіраўніка следчай групы наконт сваёй просьбы аб сустрэчы з сына: “Следчы мне адмовіў, бо лічыць такую сустрэчу “немэтазгоднай”. Гэтае рашэнне я збіраюся абскарджваць у Генпракуратуру, бо тое, што робіцца, гэта проста дзікунства…”, – зазначыла Таццяна Яўгенаўна.

Ці ёсць у Паўла Севярынца Біблія зараз, невядома. У перадачах яе не прыймаюць, а прапанавалі набыць за пералічаныя на рахунак зняволенага грошы. 

Экс-кандыдат у прэзідэнты ад БХД Віталь Рымашэўскі, якога выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе,  таксама спрабаваў перадаць Святое Пісанне свайму паплечніку і кіраўніку штаба. Паводле яго словаў, Біблія недасягальная для вернікаў, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ:

 

“Я магу сказаць, што вельмі важная наяўнасць Бібліі, Евангелля – яно адсутнічае ў камеры СІЗА КДБ. Я спадзяюся, што за пералічаныя грошы Павал здолее іх атрымаць. Таму што для верніка адсутнасць Евангелля вельмі адчувальная, я адчуваў па сабе. Кнігі, якія там ёсць, гэта не тыя кнігі, якія б стаў чытаць Павал. Мы распачалі такую акцыю: будзем пісаць лісты Паўлу, і ў кожным лісце будзем перапісваць па некалькі радкоў з Евангелля” – распавёў Рымашэўскі.

 

Праўда, Віталь Рымашэўскі не ўпэўнены, што гэтыя лісты дойдуць да Паўла Севярынца. Да самога Рымашэўскага, пакуль той знаходзіўся за кратамі, акрамя адзінай віншавальнай тэлеграмы, не дайшоў ніводзін ліст, які яму адпраўлялі сваякі і паплечнікі. 

 

І тым не менш, лісты ў СІЗА КДБ – гэта адзіны зараз сродак падтрымкі і салідарнасці акрамя малітвы. І таму БХД заклікае ўсіх вернікаў падтрымліваць Паўла Севярынца, накіроўваючы яму лісты з цытатамі з Бібліі па наступных адрасах:

 

– 220050, Менск, вул. Камсамольская, 30, СІЗА КДБ, Севярынец Павал Канстанцінавіч

– 220050, Менск, глаупаштамт, а/с № 8, Севярынец Павал Канстанцінавіч

 

Нагадаем, сустаршыня БХД Павал Севярынец, які з’яўляўся кіраўнікоўм перадвыбарчага штаба кандыдата ад БХД Віталя Рымашэўскага, быў арыштаваны ўвечары 19 снежня пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і зараз з’яўляецца адным з 25 абвінавачаных паводле крымінальнай справы па ч. 1 і 2 арт. 293 КК Беларусі аб так званых “масавых беспарадках”. Разам са шмат кім з іншых абвінавачаных ён зняволены ў следчым ізалятары КДБ.

 

 

Паводле інфармацыі “Народнай Волі”, “Радыё Рацыі”  і ўласнай інфармацыі прэс-службы БХД

Болей навін