Кастусь Жукоўскі арыштаваны на 8 сутак за відэаздымкі ля КДБ

13 студзеня 2011 21:26  |  Навіны

У Гомелі да 8 сутак арышту прысуджаны мясцовы актывіст, сябра БХД Кастусь Жукоўскі, затрыманы сёньня ля абласнога ўпраўленьня КДБ за відэаздымкі будынка і помніка Фэліксу Дзяржынскаму, а таксама “няправільнае меркаваньне” пра гісторыю КДБ.  Жукоўскі абвесьціў галадоўку пратэсту. 

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Алена Цалкова вынесла такое пакаранне Жукоўскаму нібыта за лаянку ля абласной управы КДБ. Судзьдзя адхіліла хадайніцтва актывіста пра выклік у суд сьведак — супрацоўнікаў УКДБ Аляксандара Літвінчука й Аляксея Шагінава, на падставе чыіх паказаньняў Жукоўскі і пакараны арыштам. Адхілена было й хадайніцтва пра выклік у суд перакладчыка з расейскай мовы на беларускую.

 

У першай палове дня Жукоўскі прыйшоў да ўправы КДБ, каб зьняць на відэа мясцовых актывістаў, студэнтаў, якіх чэкісты й сёньня працягвалі выклікаць на допыты й гутаркі — каго за паездку ў Менск 19 сьнежня, каго за ўдзел у агітацыйнай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў.

Ён здымаў будынак УКДБ, помнік Фэліксу Дзяржынскаму, калі з будынку упраўленьня выйшлі чэкісты і пачалі перашкаджаць ягонаму руху. Жукоўскі адкрыта выказаў сваю пазыцыю наконт крывавай гісторыі КДБ й «жалезнага Фэлікса». Гэта і сталася падставай, каб абвінаваціць актывіста ў «лаянцы» і «здымках ля рэжымнага аб’екта».

Паколькі чэкісты перашкаджалі Жукоўскаму сыходзіць зь месца, дык актывіст палічыў гэта абмежаваньнем сваёй свабоды на перамяшчэньне і выклікаў праз тэлефон міліцыю. Аднак двое амапаўцаў забралі самога Кастуся Жукоўскага ў бліжэйшы пункт аховы грамадзкага парадку на вуліцы Білецкага, дзе супраць актывіста маёр міліцыі Шукель склаў пратакол паводле артыкула 17.1 КаАП — нібыта за дробнае хуліганства. 

 

Жукоўскага апэратыўна даставілі ў суд, які і пакараў яго арыштам. У адказ на прысуд Кастусь Жукоўскі абвясьціў галадоўку.

Болей навін