Таццяне Севярынец у КДБ вярнулі пашпарт і прасілі забраць скаргу

13 студзеня 2011 21:41  |  Навіны

Таццяна Севярынец, маці зняволенага ў СІЗА сустаршыні БХД Паўла Севярынца, 13 студзеня перадала ў КДБ скаргу на незаконнае затрыманне. Пашпарт з КДБ Таццяна Севярынец змагла забраць толькі сёння зраніцы пасля перадачы скаргі на імя старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, дзе Таццяна Яўгенаўна падкрэслівае, што ёй быў нанесены не толькі маральны, але і матэрыяльны ўрон, бо яна не змагла своечасова не толькі выехаць у Варшаву на сустрэчу ў Польскім сейме, прысвечаную палітычнай сітуацыі ў Беларусі, але нават здаць пратэрмінаваны білет на цягнік.

 

Таццяну Севярынец  папрасілі ануляваць скаргу на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў менскага КДБ, якія 12 студзеня забралі ў яе дакумэнт і перашкодзілі ад’езду ў Варшаву, але яна адмовілася. Тацяна Яўгенаўна распавяла, што напачатку пашпарт не аддавалі, заявіўшы, што супрацоўнік, які ўчора суправаджаў яе ў КДБ, назваўшыся псіхолагам, сёння “на выезьдзе”. Але як толькі яна пачала складаць скаргу на яго незаконныя дзеянні, пашпарт адшукалі і вярнулі. 

Зараз яна складае скаргу ў Генеральную пракуратуру на дзеянні ўсіх супрацоўнікаў КДБ, датычных да інцыдэнту 12 студзеня. У скарзе яна адзначае, што трое невядомых, якія так і не назвалі сваіх імёнаў і пасадаў, затрымалі яе за гадзіну да адыходу цягніка “Менск — Варшава” і завезлі на допыт да следчага Івана Санько. 

Таццяну Севярынец адвезлі на допыт, дзе ёй давялося адказваць на пытанні пра падзеі 19 снежня, і з будынка КДБ яна выйшла толькі ў 22.45. Да таго ж на выхадзе ёй так і не вярнулі пашпарт, забраны адным з супрацоўнікаў. У выніку яна не патрапіла ў Варшаву і нават не змагла здаць квіток на цягнік, каб хаця б вярнуць за яго грошы. Наступным крокам, паводле Тацяны Севярынец, будзе зварот у суд, каб вінаватых пакаралі за парушэнне яе законных правоў.

Таццяна Севярынец была затрыманая ў Мінску ўвечары 12 студзеня супрацоўнікамі КДБ у той час, калі яна выязжала на вакзал. 13 студзеня яна планавала ўзяць удзел у Варшаве ў сустрэчы ў Польскім сейме, прысвечанай палітычнай сітуацыі ў Беларусі.
«Допыт скончыўся пасля дзесяці гадзінаў. Я адмовілася даваць паказанні ў дачыненні да Паўла, расказвала ў асноўным пра сябе. Пасля допыту я яшчэ спадзявалася нейкім чынам дабрацца да Варшавы, аднак мне не вярнулі пашпарт», — сказала яна.
Пры гэтым Севярынец абвергла інфармацыю, што якая з’явілася раней, пра тое, што супрацоўнікі КДБ абяцалі адвезці яе на сустрэчу з сынам.

Павал Севярынец з’яўляўся кіраўніком перадвыбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты ад БХД Віталя Рымашэўскага. Севярынец быў затрыманы 20 снежня і з таго часу знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Ён у ліку абвінавачваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня.

 

Паводле Радыё “Свабода” і БелаПАН

Болей навін