У Літве адзначылі Дзень абаронцаў свабоды

13 студзеня 2011 22:49  |  Навіны

13 студзеня ў Літве адзначылі Дзень абаронцаў свабоды. 20 гадоў таму, пасьля прыняцьця парлямэнтам Літвы Дэклярацыі пра дзяржаўную незалежнасьць, кіраўніцтва СССР вырашыла ўтрымаць гэту савецкую рэспубліку пры дапамозе сілы, але бяззбройныя літоўцы мужна выйшлі абараняць сваю незалежнасьць супраць узброеных савецкіх вайскоўцаў.

Уначы з 12 на 13 студзеня савецкія вайскоўцы захапілі парлямэнт, тэлевежу, будынкі радыё і тэлевізіі, Дом друку. Тысячы людзей бяззбройнымі выйшлі супраць савецкіх танкаў, і незалежнасьць Літвы была абароненая менавіта 13 студзеня 1991 году. Сёньня ў Вільні ў парлямэнце Літавы адбылося ўрачыстае пасяджэньне, прысьвечанае 20-й гадавіне падзеяў 13 студзеня 1991 году.

У сваім выступе прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце сказала, што 20 гадоў таму людзі з усёй Літвы сабраліся, каб абараніць парлямэнт, і менавіта тады ўсьвядомілі, што толькі свабода можа захаваць Літву.

Першы сьпікер парлямэнту пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы Вітаўтас Ландсбергіс прыгадаў, што ў тыя дні нелітоўцы сталі побач зь літоўцамі. Сярод іншага ён прыгадаў і пра падтрымку з боку беларускіх дэмакратычных сілаў. Паводле Ландсбергіса, калі б Літва ў тыя дні скарылася, дык Савецкі Саюз мог бы захавацца, і мапа Эўропы выглядала б цяпер інакш.

Амэрыканскі сэнатар Рычард Дурбін, які ў 1991 годзе быў у Вільні, у сваім сёньняшнім выступе падкрэсьліў, што цяпер вельмі важна захаваць тую дэмакратычную салідарнасьць, якая была 20 гадоў назад.

Таксама выступілі блізкія і родныя тых, хто быў забіты 13-га студзеня. Адбылася цырымонія ўскладаньня вянкоў і кветак на магілы ахвяраў тых падзеяў. Пазьней па цэнтры Вільні пранесьлі 200-мэтровы літоўскі сьцяг.

Урачыстасьці працягнуцца і ў наступныя дні, як у Вільні, гэтак і па ўсёй Літве.

 

У Літве адзначылі Дзень абаронцаў свабоды

 

 

 

 

 

 

Болей навін