19 студзеня – Дзень малітвы за палітычных вязняў

18 студзеня 2011 23:50  |  Галоўныя навіны

Беларускія хрысціняскія дэмакраты заклікаюць 19 студзеня да ўзмоцненай малітвы за палітвязняў і за Беларусь. Гэты дзень абвешчаны агульнабеларускім Днём малітвы за палітычных вязняў. У храмах розных канфесіяў і хрысціянскіх супольнасцях адбудуцца малітвы за Беларусь і несправядліва зняволеных. У 20-00 у любым месцы няхай кожны чалавек запаліць свечку, і мы з’яднаемся разам ў малітве за свабоду нашай краіны, яе народа і асабліва тых, хто зараз знахозіцца за кратамі.

 

19 студзеня спаўняецца роўна месяц з часу жорсткага разгону мірнай акцыі пратэсту на Плошчы Незалежнасці ў Менску, масавага збіцця і затрымання грамадзянаў і пачатку беспрэцэдэнтнага штодзённага ўціску грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. На працягу паслявыбарчага перыяду ў краіне адбываюцца масавыя ператрусы і арышты. Пад рэпрэсіі падпадаюць незалежныя СМІ, актывісты партыяў і грамадскіх арганізацыяў. Але нельга паддавацца духу страху і бязвер’я. Госпад наш Ісус Хрыстос увесь час свайго зямнога служэння заклікаў: «Не бойцеся!».

«Мы звяртаемся да ўсіх вернікаў Беларусі падтрымаць гэтую ініцыятыву, бо ў нашай краіне дагэтуль пануе дух страха, абыякавасці і хлусні. Прывід камунізма, сталінскіх рэпрэсіяў 1937-га года вярнуўся ў апошні месяц у Беларусь. Але хрысціяне ведаюць, што гэты дух выганяецца толькі ўзмоцненай малітвай да Госпада. Апроч салідарнасці і падтрымкі, патрэбная малітва за ўсіх зняволеных і за Беларусь», – заклікаў сустаршыня БХД, былы кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі.

З ініцыятывай абвясьціць 19 студзеня агульнабеларускім Днём малітвы за палітычных вязняў выступілі хрысціяне розных канфесіяў, якія склалі адмысловы зварот да святароў і вернікаў. Адзін з яго ініцыятараў, сябра БХД Кастусь Шыталь распавёў: «Мы як хрысціяне не можам заставацца ўбаку ад таго, што хтосьці несправядліва пакутуе. Чалавечых магчымасцяў паўплываць на сітуацыю, на жаль, няшмат, таму мы параіліся з сябрамі, і вырашылі 19 студзеня, калі спаўняецца месяц ад часу сумных падзеяў на плошчы Незалежнасці, абвясціць днём малітвы за палітычных вязняў. Мы распаўсюдзілі свой зварот у інтэрнэце і пабачылі, што на яго, спаміж іншых, адгукнулася таксама шмат святароў».

А сакратар БХД Дзяніс Садоўскі распавёў з гэтай нагоды наступнае: «Мы з гэтай ініцыятывай выйшлі на цэрквы і хрысціянскія супольнасці, і яна была падтрыманая. Унутры цэркваў розных канфесіяў адбудуцца такія малітвы, а таксама ў дамах, у сваіх сем’ях, запаліўшы свечкі, людзі будуць маліцца за тых, хто за кратамі, за пацярпелых ад пераследу і рэпрэсіяў, таксама за нашую краіну».

Таксама сябры БХД падтрымліваюць заклік да мірнай акцыі салідарнасці ў гэты дзень, з якім выступіў «Малады Фронт». Усім удзельнікам мірнага пратэсту 19 снежня, якія жадаюць выказаць нязгоду з падзеямі, што зараз адбываюцца ў краіне, і салідарнасць з пацярпелымі і зняволенымі, прапануецца паасобку прыходзіць увечары 19 студзеня са знічкамі на Плошчу Незалежнасці і маўкліва, з малітвай, ставіць іх на прыступкі Дому ўрада ці да Чырвонага касцёла. Такі фармат акцыі не патрапляе пад Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, а шматлікія кропкі агню ў цемры будуць сведчыць пра мноства беларусаў, якія прагнуць пераменаў, свабоды і святла!

 

Нагадваем, што ўжо больш за 5 гадоў існуе таксама абвешчаная яшчэ напярэдадні выбарчай кампаніі 2006 года ініцыятыва вернікаў розных канфесіяў малітвы за Беларусь па пятніцах у 20-00, якая ніколі не спынялася, а ў апошні час нашмат узмацнілася.

 

Жыве Беларусь! Жыве з Богам!

Болей навін