Ад Паўла Севярынца прыйшоў першы ліст пад нумарам 5

19 студзеня 2011 13:59  |  Галоўныя навіны

Бацькі Паўла Севярынца ў Віцебску атрымалі сёння першы ліст ад сына. Пра гэта паведаміла маці Паўла Таццяна Севярынец. Яна распавяла, што на аркушыку ліста ў куце рукой Паўла пазначана “Ліст №5”, хаця папярэдніх чатырох лістоў сям’я так і не атрымала. 

 

Ліст напісаны 12 студзеня, але паводле паштовага штэмпеля з Менску ён быў адпраўлены толькі 18-га, таму Таццяна Яўгенаўна робіць выснову, што ліст цягам гэтых дзён праходзіў папярэднюю праверку. Яшчэ адна выснова, якую зрабіла маці з ліста сына – гэта тое, што да Паўла Севярынца даходзяць не ўсе перадачы: у лісце ён просіць перадаць яму лекі, якія спадарыня Таццяна ў СІЗА КДБ яшчэ 5 студзеня, а таксама замаўляе сабе нават мыла, якое маці кладзе яму ў кожную перадачу.

 

“Наагул ліст невялікі, усяго на адну старонку сшытка”, – распавядае Таццяна Севярынец. – “Павал дзякуе за перадачы, пасылкі і грошы на яго рахунак, перадае ўсім прывітанне, віншуе з Вадохрышчам, просіць у нас прабачэння за турботы, звязаныя з яго цяперашнім становішчам, хаця, на маю думку, прабачэння павінны прасіць тыя каты, якія незаконна ўтрымліваюць яго за кратамі” – з горыччу кажа спадарыня Таццяна. А пра сябе Павал паведамляе вельмі коратка: “Малюся, думаю, пішу”.

 

Таксама ў лісце Севярынец паведаміў, што на пералічаныя на яго турэмны рахунак грошы ён замовіў Біблію, падпіску на “Нашу Ніву” і “Народную Волю”, але нічога з пералічанага пакуль не атрымаў, таму можна зрабіць яшчэ адну сумную выснову, што ў краіне, дзе на афіцыйным узроўні падтрымліваецца Праваслаўе, нашчадкі сталінскіх энкавэдзістаў-атэістаў ужо месяц не могуць перадаць праваслаўнаму хрысціяніну Кнігу кнігаў, у якой ён мае штодзённую патрэбу.

 

Таму БХД яшчэ раз звяртаецца да ўсіх хрысціянаў з заклікам пісаць Паўлу Севярынцу лісты з цытатамі з Бібліі, перапісваць цэлыя раздзелы, каб у Паўла ў зняволенні апынулася Біблія з нашых лістоў. А нават калі гэтыя лісты і не патрапяць непасрэдна да яго, іх вымушаныя будуць чытаць людзі з КДБ, да чыіх сэрцаў таксама праз Святое Пісанне можа дакрануцца Гасподзь.

 

Лісты можна накіроўваць на адрас: 220050, Менск, вул. Камсамольская, 30, СІЗА КДБ, Севярынцу Паўлу Канстанцінавічу.

 

А таксама можна спрабаваць дасылаць пасылкі і грошы на турэмны рахунак Паўла на адрас: 220050, Менск, глаупаштамт, а/с № 8, Севярынцу Паўлу Канстанцінавічу.

Болей навін