У Гомелі на вызваленага Жукоўскага склалі новы пратакол
З гомельскага ізалятара часовага ўтрымання 21 студзеня выйшаў мясцовы дэмакратычны актывіст Кастусь Жукоўскі. 13 студзеня яго асудзілі на восем сутак, нібыта, за дробнае хуліганства. Насамрэч, Жукоўскі рабіў відэаздымкі каля будынка гомельскага ўпраўлення КДБ і быў там затрыманы.
За кратамі ў гомельскім ізалятары часовага ўтрымання актывіст аб’явіў галадоўку. Такім чынам ён пратэставаў супраць рашэння суду, які лічыць палітычна матываваным.
– Пасля маёй адсідкі на мяне склалі яшчэ адзін пратакол. Нахабна завезлі ў Адміністрацыю савецкага раёна і паставілі перад фактам: у іх былі паперы з КДБ, з міліцыі, яны за мной сачылі. У выніку яны нібы высветлілі, што мы недзе там наляпілі папераў агітацыйнага плакату Уладзіміра Някляева,Мікалая Статкевіча і БХД. У неадпаведных месцах.
19 студзеня, падчас адбывання пакарання, Жукоўскага даставілі ў Савецкае РУУС Гомелю, дзе паведамілі, што на актывіста складзены новы пратакол. 20 студзеня супрацоўнік КДБ канфіскаваў у актывіста відэакамеру, якая знаходзілася ў ізалятары падчас арышту. Падставай для канфіскацыі паслужыла расследаванне справы пра масавыя беспарадкі ў Мінску ў дзень выбараў.