Маўклівая акцыя пратэсту і салідарнасьці на Кастрычніцкай скончылася затрыманьнямі
Учора 21 студзеня ў дзень чарговай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі ў на Кастрычніцкай плошчы адбылася акцыя маўчаньня. Людзі прыйшлі на плошчу са сьвечкамі, каб выказаць салідарнасць з вязьнямі КДБ і пратэст супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Падчас акцыі было затрымана восемь чалавек.
Удзень у Палацы рэспублікі адбылася чарговая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, а ў восем гадзінаў вечара на Кастрычніцкай плошчы ў Менску распачалася акцыя салідарнасьці з палітзьняволенымі. Яе ўдзельнікі моўчкі падыходзілі на плошчу па адным, па двое, запальвалі зьнічы і сьвечкі і ставілі іх у цэнтры плошчы. Запаленыя зьнічы — напамін пра падзеі, якія адбыліся 19 сьнежня, калі тысячы людзей былі зьбітыя за тое, што пратэставалі супраць фальсыфікацыі выбараў. І гэта знак салідарнасьці са зьняволенымі.
Актывіст Максім Вінярскі прынёс з сабой Канстытуцыю Беларусі: «Грамадзянін Аляксандар Лукашэнка, паклаўшы руку на Канстытуцыю, а, магчыма, і ня толькі руку, як пісалі ў інтэрнэце, прынёс, прынамсі як ён лічыць, прысягу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У сваю чаргу я кладу руку на канстытуцыю, трымаю яе ў руцэ, і кажу, што я прысягаю ніколі не прызнаваць Аляксандра Лукашэнку легітымным правіцелем гэтай краіны, ніколі не прызнаваць яго прэзыдэнтам. Прызнаваць яго толькі ўзурпатарам, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў сваіх руках».
Дзьве жанчыны запалілі сьвечкі на плошчы і сказалі, што прыйшлі ў знак салідарнасьці з арыштаванымі кандыдатамі ў прэзыдэнты. Яны сказалі, што не зьяўляюцца іх сябрамі ці сваякамі, а проста грамадзянкі краіны.
Адна зь іх, спадарыня Вера, распавяла: «Мы выйшлі ў імя тых людзей, якія ахвяравалі сабой, каб сьвет пачаў паважаць Беларусь. Някляеў, Саньнікаў, Міхалевіч, Статкевіч, Халіп і гэтак далей. Там каля 30 чалавек цяпер знаходзіцца. Натуральна, мы стала сочым за сытуацыяй, перажываем. І толькі спадзеў на сусьветную супольнасьць, што нам дапамогуць, на Эўразьвяз, што нам дапамогуць нешта зьмяніць. Самі мы тут, відаць, нічога ня зробім».
Яраслаў Ліхачэўскі, які прыйшоў на акцыю мыліцах з пашкоджанай нагой, заклеіў сабе рот крыж на крыж скотчам.
Акцыя на плошчы, нашпігаванай міліцыянтамі ў цывільным, працягвалася некалькі хвілінаў. Спачатку міліцыянты папярэдзілі, што акцыя несанкцыянаваная і яе ўдзельнікаў наступствамі ў выглядзе адміністрацыйных справаў. Тыя, хто сабраўся, адказалі на папрэджэанне са смехам, маўляў, і памаўчаць ужо разам нельга.
Затым журналістаў папрасілі адысці на бяспечную адлегласць, пад’ехаў аўтобус са спэцназам, куды закінулі некалькіх ўдзельнікаў акцыі. Было затрымана каля васьмі чалавек.
Паводле сайту spring96.org гэта Максім Вінярскі і Яраслаў Ліхачэўскі, а таксама Уладзімер Каракін (грамадзянін Украіны), Дзьмітрый Гайшун, Дзьмітрый Карамалікаў, Андрэй Абразцоў, Максім Гайкоў, Сяргей Недасейкін. Яны былі дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС.
Паводле праваабаронцаў, частка зь іх, у тым ліку Максім Вінярскі, былі адпушчаныя на волю прыкладна апоўначы без складання пратаколаў.
Амапаўцы, якія ўдзельнічалі ў затрыманьні на Кастрычніцкай плошчы, паводзілі сябе груба, абражалі і выкарыстоўвалі фізычную сілу. Праваабаронцы таксама адзначаюць, што палова затрыманых правяла ў больш за прадугледжаныя працэсуальна-выканаўчым кодэксам тры гадзіны.
Фота і Відэа з акцыі можна паглядзець на сайце Радыё “Свабода”.