Віталь Рымашэўскі: “Ад нас залежыць змаганне і за дэмакратыю, і за незалежнасць нашай краіны”

22 студзеня 2011 22:34  |  Галоўныя навіны

“Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі прайшла кулуарна і больш нагадвала сустрэчу набліжаных людзей і блізкіх сяброў, чым інаўгурацыю прэзідэнта,” – адзначае кандыдат у прэзідэнты ад партыі БХД Віталь Рымашэўскі.

 

Таксама палітык звяртаецца да тых рэзкіх заяваў, якія прагучалі з боку Лукашэнкі ў адказ на жорсткую рэзалюцыю па Беларусі, прынятую ў Еўрапарламенце, і адзначае адсутнасць у іх рацыянальнага зерня:

 

“На жаль, нашу краіну ў бліжэйшы год, магчыма, некалькі месяцаў як мінімум, будуць чакаць нялёгкія часы. Улада, баюся, робіць вельмі неадэкватныя крокі і сама не разумее, што адбываецца. Такія рэчы, як павелічэнне рэпрэсіяў у дачыненні да дэмакратычных актывістаў, зняволенні, пагаршэнне адносін з Еўрапейскім саюзам – прывядуць толькі да аднаго – да ізаляцыі нашай краіны, і пагражаюць таксама стратай незалежнасці. Даводзіцца толькі шкадаваць, што тыя, хто знаходзіцца пры ўладзе, не разумеюць гэтага. Усім дэмакратычным сілам, дэмакратычным актывістам хачу пажадаць веры і ўпэўненасці ў сабе, таму што ад нас цяпер залежыць змаганне і за дэмакратыю, і за незалежнасць нашай краіны”.

 

Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі прайшла ў Палацы Рэспублікі пры адсутнасці паслоў Еўрасаюза і часовага паверанага па справах ЗША, што стала знакам пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэпрэсій у дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Болей навін