Віталь Рымашэўскі. ПАСЛЯ ВЫБАРАЎ. Прынцып негвалтоўнага супраціву

26 студзеня 2011 10:50  |  Галоўныя навіны

Сённяшнюю сітуацыю у грамадстве магчыма назваць толькі расколам і супрацьстаяннем, якога не было з 1995-1996 гадоў. Беларусы падзяляюцца на тых, хто падтрымлівае афіцыйную версію уладаў наконт падзеяў 19 снежня, і тых, хто не верыць гэтаму, не верыць БТ. Прычым, па маіх назіраннях, апошніх куды больш. 

Павялічыўся ўзровень варожасці і непрыняцця адзін аднога паміж прадстаўнікамі ўлады і дэмакратычнымі актывістамі, ды і наогул павялічыўся узровень варожасці ў грамадстве. 

Зараз прапаноўваецца шмат версіяў наконт таго, каму былі на руку падзеі 19 снежня: уладам — дзеля зачысткі палітычнага поля і знішчэння апазіцыі; сілавікам, якія становяцца больш важнымі на Беларусі; тым апазіцыйным арганізацыям і лідэрам апазіцыі, якія зараз на волі, не пад крымінальным пераследам і могуць заняць дамінантную пазіцыю. Можна пагадзіцца з кожнай версіяй, але варта адзначыць: хто б з унутрыбеларускіх суб’ектаў не скарыстаў са становішча, усе гэтыя выгоды часовыя, тактычныя. Стратэгічна зараз выйграе толькі адзін бок — Расія. Таму што паглыбленне расколу ў беларускім грамадстве, павелічэнне ціску на дэмакратычных актывістаў непазбежна прывядзе да ўсё больш і больш жортскіх санкцыяў з боку Еўразвязу і ЗША, а гэта значыць — да ізаляцыі Беларусі і татальнай залежнасці ад Расіі. Па-ранейшаму пад пагрозай застаецца не толькі выкананне правоў чалавека ў Беларусі і дэмакратызацыя нашай краіны, але і наша незалежнасць. 

Лічу, што ў гэтых варунках пазіцыя Захаду павінна быць вельмі прынцыповай і цвёрдай, але адначасова і адкрытай да Беларусі і беларусаў. Нельга дапусціць незваротных крокаў, якія пабудуюць сцяну паміж дэмакратычным светам і нашай краінай. Вельмі правільна дзейнічаюць тыя заходнія палітыкі, якія адначасова з увядзеннем санкцыяў прапануюць крокі, накіраваныя на большую адкрытасць Еўропы для простых беларусаў — бясплатныя візы і інш. Пры гэтым, усе рашэнні наконт Беларусі павінны прымацца пры ўдзеле прадстаўнікоў Беларусі (на дадзены момант, найперш, гэта мусяць быць прадстаўнікі тых палітычных сілаў, лідэры якіх знаходзяцца ў зняволенні) і з улікам інтарэсаў беларускага народа. Нельга дапусціць такога развіцця падзеяў, каб лёс Беларусі вырашала Еўропа разам з Расіяй без беларусаў. 

Спадзяюся, што беларускія ўлады разумеюць усю сур’ёзнасць сённяшняй сітуацыі. І, спадзяюся, яны разумеюць, што няма іншага шляху да выпраўлення сітуацыі, як вызваленне затрыманых, спыненне ціску на дэмакратычных актывістаў. 

Уладам трэба пайсці на дыялог з апазіцыяй. 

Што можам зрабіць мы? 

 
Мы павінны дабівацца вызвалення палітвязняў, бараніць права на існаванне дэмакратычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў, а таксама выкарыстоўваць усе магчымасці дзеля інфармавання насельніцтва аб тым, што сапраўды адбываецца на Беларусі. 
І нам усім у гэтым трэба быць салідарнымі. 

 

Зараз апазіцыя стварыла Каардынацыйную раду. Першымі прапанову аб кансалідацыі агучылі хрысціянскія дэмакраты. Я рады, што на гэта адгукнуліся практычна ўсе палітычныя арганізацыі краіны. Пры гэтым у нас ёсць яснае разуменне, што гэтая рада, як і любое аналагічнае ўтварэнне, можа быць толькі часовай — да той пары, пакуль не будуць вызвалены ўсе лідэры апазіцыі. Мы не разглядаем дадзенае ўтварэнне як новую кааліцыю, але выключна як аб’яднанне дзеля дасягнення канкрэтных мэтаў.

 
У гэты час ніхто з лідэраў апазіцыі персанальна не мае права рабіць заявы ні ад імя ўсіх дэмакратычных сілаў, тым больш ад імя зняволеных палітыкаў. 

 

Сёння хацелася б звярнуцца да ўсіх тых, хто выйшаў на Плошчу, хто падтрымаў дэмакратычных кандыдатаў: 

Вынікам выбарчай кампаніі 2010 году стала павелічэнне падтрымкі дэмакратычных сілаў. Ніколі за апошнія 16 год падтрымка ўлады беларускім насельніцтвам не была такой нізкай. Беларускае грамадства не верыць афіцыйнай прапагандзе, беларусы прагнуць пераменаў. Не трэба расчароўвацца і не трэба баяцца. 19 снежня — не канец выбарчай кампаніі. Гэта — пачатак новага этапу змагання за свабоду Беларусі, за дэмакратыю, за незалежнасць Беларусі. І гэта мусіць быць пачатак новага этапа ў гісторыі нашай краіны. Нам неабходна проста адстаяць тое, што было дасягнута на момант 19 снежня, нам трэба ўзмацніць змаганне, ісці наперад. Дзеля перамогі нам трэба не проста стаць больш моцнымі — нам неабходна стаць якасна іншымі, стаць сапраўднай альтэрнатывай. 

 

Я — ЗА ЕДНАСЦЬ, ЗА САЛІДАРНАСЦЬ З КОЖНЫМ, хто сапраўды хоча працаваць на вызваленне вязняў, змагацца за свабоду, за Беларусь. Але колькі святых словаў у нас зганена! Колькі ганебнага рабілася не толькі уладай, але і апазіцыяй за 16 год! Пакуль мы не прызнаем свае памылкі і не пачнем дзейнічаць па-іншаму, — не будзе ніякіх зменаў, не будзе перамогі. Я гэта ведаю, і буду казаць пра гэта людзям. Нельга прыкрываць добрымі словамі дрэнныя справы. 

 

Яшчэ раз паўтараю: я дарую і таму амапаўцу, які мяне збіваў, і тым, хто на чужой бядзе імкнецца атрымаць дывідэнды. Разумею, мы ўсе — беларусы. Такія, якія ёсць. Гатовы прызнаваць свае памылкі, не лічу сябе лепшым за іншых. Але не гатовы і не буду хаваць праўду ў імя нейкіх вышэйшых мэтаў, «светлай дэмакратычнай будучыні»! 

 

Скажу пра тое, што ведаю: сапраўднае змаганне праходзіць не па лініі “апазіцыя — улада”, яно праходзіць праз нашыя сэрцы. І тых, хто ў апазіцыі, і тых, хто падтрымлівае ўладу. 

 

Рабілі з мяне героя Плошчы, пакуль сядзеў… Хацелася б таксама, каб пачулі словы, што казаў я на Плошчы, да чаго заклікаў. Я ад іх не адмаўляюся і паўтараю: «Мы — адзін народ!». Ахвяры і злачынцы… Мужныя і здраднікі… МЫ — АДЗІН НАРОД. І нашая будучыня залежыць зараз ад нас, а не ад Захада ці Усхода. 

 

Таму сёння кожнаму трэба ўзяць на сябе абавязкі лідэра, кожнаму трэба быць актыўным. Не варта спадзявацца на лідэраў апазіцыі, бо ў любы момант нават тыя, хто зараз на волі, могуць апынуцца за кратамі. 

 

Сапраўдныя героі — людзі, што выйшлі на Плошчу, хто праявіў салідарнасць і здольнасць да самааарганізацыі. Вы зрабілі болей, чым тое, чаго дамагаліся палітыкі (непрызнанне выбараў Захадам). Дзякуючы вам упершыню за 16 год адбылося непрызнанне выбараў народам. Веру ў вас. І вам жадаю ўмацавання гэтай веры ў Госпада і адзін у аднога. Жадаю вам таксама захавацца ад веры ў ідалаў і міфічных герояў. Умейце ўбачыць і ацаніць героя ў вашым бліжнім, у сабе самім. 

 

Нашая сіла не ў тым, што мы можам добра заканспіравацца, схавацца, арганізавацца і пабіць кадэбэшнікаў ці міліцыю. Нашая сіла ў здольнасці дараваць, любіць, быць адкрытымі і бескампраміснымі ў змаганні за Беларусь, а значыць — і за апазіцыянераў, і за амапаўцаў, за будучыню для кожнага беларуса, быць бескампраміснымі ў змаганнні за праўду і справядлівасць. Нянавісць — разбурае, любоў — выкрывае, але яднае і стварае. Толькі любоў перамагае страх і вядзе да Перамогі. 

 

Ніводзін учынак, які не ўгрунтаваны ў любові, не мае права на існаванне. У тым ліку — палітычны ўчынак. 
Нам трэба адмовіцца ад спадзявання на гвалт як на сродак дасягнення мэтаў. Гэтая адмова павінна быць прынцыповым рашэннем кожнага асабіста. 

 

Прынцып гвалту кажа: трэба знішчыць ворага — фізічна, маральна, палітычна. А прынцып змагання ЗА Беларусь альбо негвалтоўнага супраціву, да якога нам трэба імкнуцца, кажа: трэба адмовіцца ад гвалту і імкнуцца зрабіць з ворага прыхільніка. Перакананы, што іншага шляху няма, тым больш, што сёння змаганне ідзе не паміж беларусамі і акупантамі, а паміж беларусамі і беларусамі. 

Кожны чалавек можа мяняцца — як у добры, так і ў дрэнны бок. Адпаведна, нам трэба змагацца за кожнага, апеляваць да тых добрых рэчаў, што ў кожным чалавеку ёсць, бачыць патэнцыйнага прыхільніка ў кожным, і прыкладаць усе намаганні, каб з ворагаў рабіць сяброў. 

 

Хрысціянскія дэмакраты заўсёды казалі: мы змагаемся не супраць кагосьці персанальна, але супраць зла. І надалей мы будзем грунтавацца, перш за ўсё, на хрысціянскіх каштоўнасцях — да гэтага заклікаем і іншых. 

 

Для мяне асабіста абсалютным аўтарытэтам з’яўляецца Евангелле і Біблія. Хачу нагадаць прыклад Іаана Хрысціцеля (дарэчы, гэта яго ікону падараваў Лукашэнку Мітрапаліт Філарэт на Раство), які размаўляў з далёка не дэмакратычным кіраўніком сваёй краіны і быў забіты, у тым ліку за гэта. Важна не тое, з кім ты размаўляеш, а тое, што ты кажаш. Таму нашая пазіцыя павінна быць адкрытай, але цвёрдай і прынцыповай. Няма мацнейшай зброі за слова. 

 

Я заклікаю сёння найперш апеляваць не да знешніх сілаў — Захаду ці Усходу, — а грунтавацца на той сіле, якая ёсць у беларускага народа. Пытанне будучыні Беларусі вырашаецца тут, у Беларусі. 

 

Па-ранейшаму перакананы, што яднанне магчымае толькі на глебе супольных каштоўнасцяў. Сумленнасць, справядлівасць, любоў да Беларусі і да беларусаў, вера ў Бога і ў чалавека — гэтыя рэчы мусяць па-сапраўднаму сёння яднаць беларусаў. Менавіта гэтыя рэчы — сапраўдная лінія падзелу паміж людзьмі, а не прыналежнасць да партыяў ці арганізацыяў. 

 

Зараз неабходна спыніць рэпрэсіі, вызваліць вязняў, абараніць незалежнасць Беларусі. Але важна выбраць правільныя сродкі для змагання. 

Болей навін