За перадвыбарчую скаргу пагражаюць забраць дзяцей
Мастоўская актывістка БХД Алена Давідовіч паведаміла прэс-службе БХД, што 28 студзеня яе выклікаюць на паседжанне камісіі па справах непаўнагадовых і пагражаюць адабраць у яе двух яе маленькіх дзетак. А старшынёй гэтай камісіі з’яўляецца намесніца старшыні райвыканкама Мурына Таісія Мікалаеўна, на якую якраз мастоўскія актывісты БХД пісалі скаргу падчас перадвыбарчай кампаніі.
Скарга была напісаная падчас агітацыі і датычылася факту ўдзелу у агітацыйнай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі замежных грамадзянаў падчас так званага аўтапрабегу “За Беларусь”, які распачынаўся з Піцера і праходзіў па шмат якіх гарадах Беларусі. У Мастах сустрэчу ўдзельнікаў гэтага аўтапрабега арганізоўвала Мурына. Алена Давідовіч была сярод некалькіх падпісаўнаў гэтай скаргі, яна таксама ўдзельнічала ў агітацыйнай кампаніі Віталя Рымашэўскага, а падчас галасавання была назіральніцай на ўчастку.
Алена адна выхоўвае двух дзетак: пяцігадовую дзяўчынку і гадавалага хлопчыка. І адразу пасля заканчэння выбарчай кампаніі на яе распачаўся ціск. 27 снежня да яе прыйшла інспектар па справах непаўнагадовых і склала акт аб абследаванні ўмоваў пражывання дзетак. Яна брала тлумачэнні ў Алены Давідовіч, ці не пакідае тая дзяцей адных дома. На пытанне, з чым звязаная праверка, інспектарка распавяла пра быццам бы нейкую ананімку ад жыхароў дома, што Алена неналежным чынам выконвае бацькоўскія абавязкі.
Але Алена сцвяджае, што такога ніколі не было, і калі яна сыходзіць на працяглы час, яна, вядома, заўсёды просіць пасядзець з дзеткамі сваіх сваякоў. Яна не стаіць на ўліку так званых сацыяльна недобранадзейных бацькоў, ды і ўмовы пражывання дзетак інспектарка прызнала адпаведнымі ўсім нормам. Дарэчы, пра гэтыя захады не ведалі і ў дзіцячым садку, куды адразу патэлефанавала Давідовіч. Загадчыца садка вельмі перапалохалася, даведаўшыся пра такую навіну.
Такім чынам, усе гэтыя пагрозы Алена звязвае выключна са сваім удзелам у выбарчай кампаніі і не выключае асабістай помсты ёй намесніцы старшыні райвыканкама Мурынай.
Фота Радыё “Рацыя!”