Каардынатар БХД падае ў суд на пракуратуру

28 студзеня 2011 11:45  |  Навіны

У чацьвер у другой палове дня ў Гомельскае ўпраўленне КДБ быў выкліканы Юры Клімовіч,давераная асоба былога кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, рэгіянальны каардынатар стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»

«Сьледчы выклікае мяне на размову, і гэта бяз позвы. Мне гэта ўдвая цікава: а што ім перашкаджала выпісаць, напрыклад, мне позву? Тут усё незразумела. Тым больш што зараз ідзе сьледзтва. А калі ідзе сьледзтва, то хіба пытаньне вялікае — позву напісаць?», – распавядае Юры Клімовіч.

Новыя ператрусы ў рэгіёне актывіст зьвязвае з пэўнымі цяжкасьцямі, зь якімі, хутчэй за ўсё, сутыкнуліся спэцслужбы ў часе дасьледаваньня справы аб падзеях 19 сьнежня. Зь юрыдычнага гледзішча выхад людзей на плошчу ў Менску і пабітыя вокны ў Доме ўраду складана нават кваліфікаваць як масавыя беспарадкі.

«Я лічу, што проста не хапае матэрыялаў у цэнтры, і яны націскаюць у рэгіёнах — працуе бюракратычная машына. Таму што калі прыходзілі першы раз зь ператрусамі, яны дакладна ня ведалі, што шукалі: інфармацыю, датычную плошчы. Гэта ж абстрактна абсалютна», – мяркуе Клімовіч.

Зараз актывіст разам зь іншымі пацярпелымі ад масавых рэпрэсій наважваецца распачаць судовую справу:

 

«Я зьбіраўся зараз распачаць судовую справу супраць пракуратуры — ня супраць КДБ, а супраць пракуратуры: на якой падставе пракуроры падпісвалі пастановы на ператрус, выняцьце кампутараў ды іншага ў людзей, якія ніякім бокам дачыненьня да гэтай плошчы ня мелі, не былі там?

У мяне забралі сыстэмны блёк, і я без кампутара. Гэта, мякка кажучы, нязручна. Кажу: вас цікавіць не жалезьзе — вас цікавіць зьмесьціва. У вас дастаткова было часу, каб цалкам спампаваць зьмесьціва кампутара і не дурыць мне галавы — вярнуць мне гэтае жалеза».

Юры Клімовіч — сын вядомага ў краіне вязьня сталінскага ГУЛАГу Рыгора Клімовіча, аўтара кнігі «Конец Горлага».

10 студзеня ператрус у кватэры актывіста зрабілі чацьвёра гомельскіх чэкістаў, якіх ачольваў капітан Андрэй Мельнікаў. У спадара Клімовіча забралі кампутар, розныя інфармацыйныя матэрыялы перадвыбарчай кампаніі Віталя Рымашэўскага.

Юры Клімовіч нават тэарэтычна ня мог знаходзіцца 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску. 18 сьнежня, напярэдадні асноўнага дня галасаваньня, яго прэвэнтыўна затрымалі міліцыянты ў Гомелі нібыта за лаянку й пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. А 20 сьнежня судзьдзя Цэнтральнага суду Гомелю Марына Дамненка пакарала актывіста арыштам на 15 сутак. На волю Юры Клімовіч выйшаў толькі 2 студзеня.

Болей навін