Пікет за Рымашэўскага ў Навагрудку – 200.000 рублёў (фота)
Актывістаў БХД Уладзімера Качагура, Сяргея Воўчака і Дар’ю Бахар суд пакараў штрафам у 200.000 рублёў за тое, што яны тройчы адмаўляліся зьяўляцца ў міліцыю па позьве. За ўдзел у несанкцыянаваным пікеце суд вынес актывістам папярэджаньне.
Першым судзілі Ўладзімера Качагура, прычым адразу па двух пратаколах: за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце падчас выбарчай кампаніі і за тое, што тройчы не зьяўляўся ў міліцыю па позьве.
Уладзімер Качагур ў судзе не адмаўляў удзелу ў пікеце, але патлумачыў суду, што ніякага правапарушэньня ня зьдзейсьніў і таму лічыў, што яго выклікалі ў пастарунак незаконна.
Качагур: «Мы праводзілі пікет, і да нас падышоў міліцыянт Краўчук, зрабіў нам папярэджаньне, што парушаем закон. Гэта і ёсьць пакараньне. Мы сабралі пікет і сышлі. Потым, празь месяц, яны складаюць пратакол і ўчастковы Рагуля прыносіць позву, але толкам ня можа патлумачыць, дзеля чаго мне трэба ісьці ў пастарунак. Я палічыў не патрэбным хадзіць у міліцыю па такой позьве».
Судзьдзя, аднак, палічыла, што Ўладзімер Качагур, не зьявіўшыся ў пастарунак, парушыў закон, і пакарала яго, як сама заўважыла, мінімальным штрафам у памеры шасьці базавых велічынь. А згодна зь першым пратаколам адносна ўдзелу ў несанкцыянаваным пікеце вынесла Ўладзімеру Качагуру вуснае папярэджаньне.
Дар’я Бахар і Сяргей Воўчак атрымалі такія ж прысуды. Сяргея Воўчака трохі зьдзівіла тое, што напачатку міліцыянты тры разы насілі позвы, пагражалі прысудам, а ў выніку атрымалася ўсё па мінімуме. Ён перакананы, што судзілі іх усё ж не за пікет і не за тое, што не зьяўляліся па позьве, а за Плошчу.
Воўчак: «Мы адзіная апазыцыя ў гэтым горадзе, і тое, што яны нас судзілі за пікет аж празь месяц, — у гэта ня вельмі верыцца. Хутчэй гэта выглядала як помста, а пікет — гэта была толькі зачэпка».
Дар’я Бахар катэгарычна лічыць, што і гэтыя прысуды — праява беззаконьня з боку ўладаў да яе і ейных сяброў.
Бахар: «Гэта выглядае проста як загад па зачыстцы ўсіх актыўных людзей у краіне. Таму што нармальны міліцыянт ня будзе чакаць месяц, каб скласьці пратакол, калі нехта парушыў закон, а зробіць гэта адразу на месцы правапарушэньня».