Тацяна Севярынец скардзіцца ў Генпракуратуру і СІЗА КДБ
Маці зьняволенага ў СІЗА КДБ cустаршыні БХД Паўла Севярынца спрабуе дамагчыся сустрэчы з сынам ці хаця б таго, каб яму перадавалі неабходныя лекі.
Тацяна Севярынец распавяла, што 31-га студзеня напісала скаргу на імя намесьніка Генэральнага пракурора, бо адказы з Генпракуратуры на яе ранейшыя скаргі яна лічыць абразьлівымі бюракратычнымі адпіскамі.
Яна абураная тым, што яе мінулы зварот у Генэральную пракуратуру накіравалі ў СІЗА КДБ — зноў у тую ж установу, дзе ёй адмовілі ў сустрэчы са зьняволеным сынам. Такім чынам, лічыць Тацяна Севярынец, разьлічваць на станоўчы вынік не выпадае: у СІЗА КДБ ёй ужо казалі, што сустрэчы з роднымі могуць дазваляцца, але гэта залежыць ад рашэньня сьледчых па справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня.
У сваёй апошняй скарзе спадарыня Севярынец патрабуе, каб ёй пісьмова паведамілі пра канкрэтныя прынятыя захады, а не абмяжоўваліся паведамленьнямі пра перасылку дакумэнтаў па інстанцыях.
Яшчэ адну скаргу Тацяна Севярынец напісала ў СІЗА КДБ. Паводле адзінага атрыманага ад Паўла ліста, ён так і не атрымаў лекі, якія яна перадала яму яшчэ 5-га студзеня. Маці палітыка лічыць абуральным такое стаўленьне да здароўя зьняволеных.
Спадарыня Севярынец кажа, што адмыслова прыехала зь Віцебску ў Менск, каб дамагчыся сустрэчы з сынам ці хаця б таго, каб яму перадалі лекі. 31-га студзеня ў яе ўзялі чарговую перадачу для Паўла — цёплае адзеньне ды іншыя неабходныя рэчы, — але маці ня ўпэўнена, што ўсё гэта Паўлу насамрэч перададуць.