На волю з Акрэсціна выйшаў Барыс Гарэцкі
Увечары 31 студзеня з ізалятара на Акрэсціна на волю выйшаў журналіст Радыё Рацыя Барыс Гарэцкі. Ён падзяліўся сваімі першымі ўражаннямі пра тыя падзеі, якія з ім здарыліся, у першым пасля вызвалення інтэрв’ю.
– Першыя суткі я знаходзіўся з хлопцамі, якіх некалькі разоў выклікалі да следчых, збівалі моцна, я знаходзіўся ў РАУСе. Пасля гэтага нас даставілі на Акрэсціна, пакармілі толькі на трэці дзень. Нейкай асаблівай крыўды на тых, хто мяне затрымліваў, не трымаю. Больш за 10-ць прадстаўнікоў СМІ перадавалі мне перадачы, штодня прыходзілі газеты, часопісы.
– Якія ўмовы ўтрымання ў беларускай турме? Якія былі адносіны да цябе?
– Адносіны былі нармальныя. Як звычайна: у 6 гадзінаў пад’ём, прыборка камеры, сняданак.
– Гэта ў цябе быў першы вопыт такога выпрабавання?
– Не, гэта не першы, таму было каго вучыць.
– Як адчуваеш сябе? Як здароўе?
– Адчуваю сябе я нармальна. Ніякіх праблем са здароўем не было. Зараз там кожны дзень медычны агляд.
– Як час цягнуўся ў камеры?
– Час цягнуўся даволі хутка. Я сядзеў з былым супрацоўнікам міністэрства замежных спраў. Якога таксама вылічылі па тэлефоне і пасадзілі на суткі. Ну і пісалі.
– Ці даходзіла да цябе інфармацыя пра тыя акцыі салідарнасці, якія былі арганізаваныя нашым радыё?
– Канешне, падтрымка адчувалася. У газетах пісалі. Асаблівае стаўленне з боку супрацоўнікаў міліцыі, напэўна , было. Нас адразу, у першы день, сустрэў начальнік гэтай установы. Мы сядзелі асобна ад крыміналітэта. Таму ўжо заўтра гатовы выйсці на працу.