Хлусня на АНТ: На Плошчы пацярпелі сто міліцыянтаў і каля дзесятка грамадзян
Першы намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку МУС Беларусі Аляксандр Барсукоў, адказваючы ў эфіры тэлеканала АНТ 31 студзеня на пытанне старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, заявіў, што падчас падзей на плошчы Незалежнасці 19 снежня пацярпела каля 100 супрацоўнікаў праваахоўных органаў і каля дзесятка грамадзян.
Па ягоных словах, супрацоўнікі праваахоўных органаў былі траўмаваныя «гэтымі дубцамі, ледасекамі і іншымі прыстасаваннямі». «З процілеглага боку пацярпела з дзясятак грамадзян. І тое я не выключаю, што яны атрымалі рэжучыя раненні, калі білі шкло ў Доме ўрада ці калі ўцякалі, дзесьці спатыкнуліся», – сказаў Барсукоў.
На пытанне вядучага, ці верныя звесткі аб тым, што падчас падзей на плошчы пацярпелі, былі затрыманыя людзі, якія чакалі грамадскі транспарт, проста ішлі міма плошчы, Барсукоў адказаў: «Той, хто выпадкова там апынуўся, законапаслухмяны грамадзянін, вядома ж, адыдзе і проста сыдзе адтуль. Я лічу, што старонніх там проста не магло быць».
На самой справе, колькасць збітых 19 снежня сілавікамі мірных грамадзян вымяраецца сотнямі, калі не тысячамі. Практычна ўсе арыштаваныя падчас дэманстрацыі людзі былі кінутыя ў турмы з траўмамі.
Паводле БелаПАН