Вернікі з Наваградка паручыліся за Насту Палажанку
Сябры БХД, вернікі царквы “Новае пакаленне” з Наваградка накіравалі ў Менскую пракуратуру ліст з хадайніцтвам аб змяненні меры стрымання для Насты Палажанкі, якая зараз утрымліваецца ў СІЗА КДБ у якасці падазраванай у арганізацыі масавых беспарадкаў на Плошчы 19 снежня. Адтуль адказалі, што ліст накіроўваецца на разгляд да следчага, які вядзе гэтую справу.
Па словах пастара царквы Уладзіміра Качагура,Наста Палажанка з’яўляецца прыхаджанкай іх царквы, яны яе добра ведаюць і гатовыя за яе паручыцца. Дзяўчыну нават гатовыя прыняць на час следства ў Наваградку:
– Мы напісалі не ад імя царквы, а як чальцы царквы, як яе сябры, браты, сёстры – напісалі калектыўнае хадайніцтва на імя начальніка пракуратуры аб тым, што мы бярэм адказнасць за яе. Адказнасць за тое, што яна не будзе займацца злачыннай дзейнасцю і просім змяніць ёй меру стрымання – каб яе адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе і каб была яна на свабодзе.
Пад калектыўным зваротам падпісаліся шэсць чалавек, якія гатовыя паручыцца за тое, што на свабодзе Наста Палажанка не будзе ўдзельнічаць ні ў якіх супрацьпраўных дзеяннях. Яны з нецярплівасьцю чакаюць рашэння следчага і моляцца за тое, каб для Насты Палажанкі змянілі меру стрымання.
Паводле Радыё “Рацыя” і Радыё “Свабода”