Малітоўная акцыя ля Чырвонага касцёла з удзелам Рымашэўскага (Фота)

04 лютага 2011 01:33  |  Галоўныя навіны

У чацвер 3 лютага ў штодзённай малітоўнай акцыі салідарнасці з палітвязнямі ля Чырвонага касцёла ўзялі ўдзел сустаршыня БХД, былы кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, а таксама маці зняволенага лідэра БХД Паўла Севярынца Таццяна Яўгенаўна.

Тыя, хто сабраўся ля касцёла, традыцыйна запалілі знічкі каля скульптуры арханёла Міхаіла, які забівае цмока, што сымбалізуе перамогу Дабра над злом. Напачатку ўсе супольна памаліліся хрысціянскай малітвай “Ойча Наш”, затым Таццяна Севярынец прачытала малітву за зняволеных і ўзгадала імёны ўсіх палітвязняў, якіх знаходзяцца зараз за кратамі. Напрыканцы прысутныя заспявалі беларускі духоўны гімн “Магутны Божа”.

На акцыі прысутнічала шмат супрацоўнікаў спец-службаў, прычым “людзей ў чорным” у гэты дзень было нашмат больш, чым звычайна. Яны сабраліся ўжо за паўгадзіны да акцыі, гучна размаўлялі па мабільніках, паведамляючы камусьці пра ход акцыі, здымалі ўсё і ўсіх на відэакамеру, але акцыю не спынялі, і нікога не затрымлівалі.

У інтэрв’ю прэс-службе БХД Віталь Рымашэўскі заявіў: “Я ўдзячны ўсім, хто ініцыяваў гэтую малітоўную акцыю салідарнасці, і заклікаю ўсіх хрысціянаў і неабыякавых людзей падтрымаць яе. Насамрэч немагчыма пераацаніць важнасць малітвы ў нашай барацьбе. Трэба заўсёды памятаць, добра ведаць тыя каштоўнасці, за якія мы павінны змагацца. Перакананы, што вера, хрысціянскія каштоўнасці – гэта той падмурак, на якім мы мусім будаваць Беларусь”. 

Нагадаем, ініцыятыва штодзённай малітоўнай акцыі ля Чырвонага касцёла ўзнікла стыхійна 19 студзеня падчас акцыі салідарнасці з арыштаванымі і пацярпелымі пасля падзеяў Плошчы-2010. Кожны дзень а 20-й гадзіне там збіраюцца людзі са свечкамі, кветкамі і партрэтамі палітвязняў, спяваюць і моляцца, запальваюць знічкі і ставяць іх ля скульптуры арханёла Міхаіла. 

Ініцыятыва атрымала назву “Нельга забыць” і заклікае ўсіх людзей добрай волі далучацца, прыносіць з сабой знічкі і партрэты палітвязняў, запрашаць сваіх сяброў і знаёмых.  А калі вы не можаце прыйсці, проста ў 20-00 выключыце святло ў сваёй кватэры, запаліце на вокнах свечкі і далучайцеся да агульнай малітвы. Таксама нагадваем, што ўжо шосты год трывае пост і ўзмоцненая малітва хрысціянаў за Беларусь кожную пятніцу таксама а 8-й вечара.

Болей навін