Давераных асобаў Рымашэўскага шукаюць міліцыя і КДБ для допытаў (Абноўлена)
Сябраў БХД, давераных асобаў Віталя Рымашэўскага Ірыну Логвін і Любоў Каменеву шукаюць прадстаўнікі сілавых структураў, каб уручыць позвы на допыт. Логвін хочуць запрасіць на допыт у Фрунзенскі РАУС г. Менска, а кіраўнічку Моладзі БХД Каменеву хоча дапытаць КДБ. 2 лютага ўвечары дзяўчатаў шукалі на працы, а на наступны дзень тэлефанавалі і прыходзілі дахаты.
Маці Ірыны Логвін патэлефанаваў участковы з патрабаваннем, каб яе дачка з’явілася ў пятніцу 4 снежня ў 11-00 у міліцыю на вул. Кальварыйскую на допыт у якасці сведкі па крымінальнай справе. А позву Любові Каменевай уручылі яе сястры. Яе выклікалі таксама на пятніцу і таксама ў якасці сведкі, але ў КДБ. Пазней Любоў сама звязалася са следчым, і допыт атрымалася перанеці на 10-ю гадзіну раніцы панядзелка.