Дэпутата асіповіцкага райсавета дапыталі ў КДБ
Сёння, 5 лютага дэпутата Асіповіцкага райсавета, сябра БХД і давераную асобу кандыдата ў дэпутаты Віталя Рымашэўскага Аляксея Цюлькова дапытвалі ў мясцовым КДБ.
Учора зраніцы Цюлькову патэлефанаваў Марозаў Вадзім Эдуардавіч з асіповіцкага міжраённага аб’яднання УКДБ Магілёўскай вобласці. Ён запрасіў Цюлькова на допыт, але той з’язжаў у камандзіроўку і заявіў, што без позвы не будзе размаўляць. Увечары, калі Аляксей вярнуўся з камандзіроўкі, у яго паштовай скрыні ўжо была позва на сённяшні дзень, 5 лютага, на 10 гадзінаў раніцы.
Допыт працягваўся больш за 2 гадзіны. Цюлькова папярэдзілі, што ён мае права не сведчыць супраць сябе. Вёўся пратакол допыту. Пытанні датычыліся 18 і 19 снежня 2010 года, а таксама збору подпісаў і арганізацыі перадвыбарчых сустрэчаў кампаніі Віталя Рымашэўскага, даверанай асобай якога з’яўляўся Цюлькоў. Таксама былі пытанні пра замежныя паездкі Цюлькова.
19 снежня да Менска Аляксей Цюлькоў не даехаў, яго затрымалі па дарозе, у Рудзенску, зняўшы з маршруткі. На пытанні, навошта ён ехаў у Менск, хто яго запрашаў, ён адмовіўся адказваць.
Нагадаем, нядаўна адбылася пазачарговая сесія Асіповіцкага раённага Савета дэпутатаў, на якой Аляксея Цюлькова, абранага дэпутатам на апошніх выбарах у мясцовыя саветы, астатнія дэпутаты адзінадушна абвінавацілі ў амаральнасці з-за збора подпісаў за Рымашэўскага, а таксама за спробу ўдзелу ў акцыі пратэсту на Плошчы.