Лісты ад Севярынца нарэшце сталі даходзіць рэгулярна: сёння прыйшоў трэці
Сёньня бацькі зняволенага лідэра БХД Паўла Севярынца атрымалі трэці ліст да сына, пазначаны нумарам 9. Пра гэта прэс-службе БХД распавяла маці Паўла Тацьцяна Яўгенаўна. Той факт, што лісты нарэшце пачалі даходзіць рэгулярна, яна зьвязвае са шматлікімі скаргамі, напісанымі і занесенымі ёй у апошні час.
Таксама Тацьцяна Севярынец распавяла, што ў гэтым лісцье за 2 лютага, Павал дзякуе за перадачы, Ірынцы Губскай перадае ўдзячнасьць за пасылку. Яна прывяла некаторыя вытрымкі з трэцяга ліста Паўла Севярынца:
“Спадзяюся, у вас была магчымасьць пабачыцца зь братамі і сёстрамі (з БХД – заўв. рэд.). Малюся за вас, чытаю Біблію, Андрэя Платова, Яўгенію Гінзбург, Шышкова “Угрум раку”, Шукшына, Зайчанку, пішу сам. Самае галоўнае, ёсьць час пабыць з Богам, толькі тут пачынаеш бачыць, як гэтага не хапала і не хапае на волі. Дзякуй Госпаду, Ён умацоўвае, настаўляе, дае магчымасьць асэнсоўваць усё.
Спадзяюся, у вас усё добра, і ў здароўі, і ў справах, і ў веры, “грукайцеся і адчыняць вам, прасіце і дасца вам, шукайце і знойдзеце”. Прывітаньне і зычаньне Божай ласкі ўсім сваякам і тым, хто турбуецца. Трымайцеся!”
Таксама ў інтэрвію прэс-службе БХД Таццяна Севярынец распавяла: “Што лісты пайшлі, і адзін за адным, невыпадкова. Думаю, гэтаму паспрыяла тое, што ўвесь гэты час я пісала скаргі, сама хадзіла іх адносіць па інстанцыях. У мяне была магчымасьць выказаць усё чыноўнікам, прысаромець іх. Таму хацела б паўтарыць цытату з Евангельля, якую даслаў Павал: “грукайцеся і адчыняць вам, прасіце і дасца вам””.