Ірыну Логвін спрабавалі дапытаць пра Плошчу па тэлефоне

09 лютага 2011 12:57  |  Навіны

Менскую каардынатарку БХД Ірыну Логвін, якая на апошніх прэзідэнцкіх выбарах была даверанай асобай Віталя Рымашэўскага, сьледчы крымінальнага вышуку спрабаваў дапытаць пра падзеі 19 сьнежня 2010 года проста па мабільным тэлефоне.

 

Сёньня зраніцы Ірыне Логвін з мабільнага тэлефона +375256032098 патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся як Кардзілюк Сяргей Уладзіміравіч з крымінальнага вышуку ГУУС Менгарвыканкама. Ён запытаўся, чаму Логвін не зьяўляецца на допыт. Ірына адказала, што асабіста зь ёй ніхто да гэтага тэлефанаваньня не размаўляў і позва ёй не прыходзіла.

 

Тады сьледчы проста па тэлефоне стаў задаваць ёй пытаньні па падзеях 19 сьнежня ў Менску. Але Ірына адмовілася адказваць без позвы на допыт. У адказ Кардзілюк пачаў крычаць, што позву ёй ужо дасылалі, і ён не мае намеру выпісваць позвы па 20 разоў кожнаму. Ён удакладніў адрэсу, па якой яна пражывае. Калі высьветлілася, што адрэса правільная, сьледчы ізноў пачаў так гучна лаяцца, што Ірына вымушаная была пакласьці слухалку.

 

Нагадаем, на мінулым тыдні да Ірыны ў яе адсутнасьць прыходзілі на працу, а затым участковы тэлефанаваў на хатні тэлефон яе маці патрабаваньнем, каб дачка зьявілася ў пятніцу 4 лютага ў 11-00 у Фрунзенскі РАУС г.Менска на допыт у якасьці сьведкі па крымінальнай справе. Паколькі позва не прыходзіла, Ірына Логвін на допыт не пайшла.

Болей навін