Шалёны рост коштаў пасьля выбараў: ізноў даражэюць цукар, грэчка і квартплата

10 лютага 2011 17:20  |  Навіны

З 12 лютага другі раз за месяц кошты на цукар у Беларусі вырастуць у сярэднім на 10%. Беларускую грэчку ў крамах не знайсьці, а  некаторыя расейскія крупы ўжо зараз каштуюць  16 тысячаў. Тарыфы на электрычнасьць і газ вырасьлі задняй датай на 11—83%.

 

Другі раз за месяц павышаюцца кошты на цукар

Рашэньне аб апошнім падаражэньні цукру ўтрымліваецца ў пастанове Міністэрства эканомікі № 14 ад 7 лютага 2011 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. 

Згодна з дакумантам, розьнічны кошт на цукар-пясок вагавы складзе 3 290 рублёў за кілаграм, на расфасаваны ў поліэтыленавыя або папяровыя пакеты па 1 кіляграме – 3 600 рублёў.  

Папярэдняе падвышэнне кошту на цукар у Беларусі адбылося літаральна 2 тыдні таму, 26 студзеня. Кошт быў падвышаны таксама на 10%. Тады ў афіцыйным каментары да дакуманта Мінэканомікі тлумачыў, што рашэньне было прынятае па прапанове канцэрна “Белдзяржхарчпрам” і Міністэрства гандлю “ў мэтах кампэнсацыі падаражэньня кошту цукру-пяску і з улікам больш высокіх коштаў на цукар у сумежных дзяржавах “.

Грачаная інфляцыя. Расейская грэчка падаражае да 19 тысячаў?

 

Тым часам у крамах моцна падаражэла грэчка. Яе кошт даходзіць да 16 тысячаў за кілаграм. Да канца мінулага году пасьля істотнага падаражэньня ў выніку неўраджая грэчку можна было купіць за 5-6 тысячаў. Гандляры тлумачаць рост коштаў тым, што грэчка імпартная, з Расеі і Ўкраіны, дзе летась быў неўраджай на яе, і імпарцёры ўсталёўваюць свае кошты.

Купіць беларускую грэчку ў крамах. Наша краіна вырошчвае толькі пятую частку ад патрэбнага. Напрыклад, на фірме “Дабрада” сёлета быў толькі адзіны завоз айчынных круп. І там “каштоўная” грэчка ўжо скончылася. Каштавала яна для юрыдычных асобаў амаль 6,5 тысячаў рублёў. Пакуль яшчэ беларуская грэчка часам трапляецца ў невялікіх крамах.

Расейскія ж крупы, якія збольшага пастаўляюцца ў Беларусь, перасягнулі 10 тысячаў за кілаграм. Знайшлася грэчка, якая каштуе больш за 16 тысячаў! Яна расфасаваная ў Беларусі, але прывезеная з Расеі, распавялі Еўрарадыё ў фірме “Святлара”. Там патлумачылі, што толькі за сьнежань расейскія крупы падаражэлі на 64%, а за ўвесь 2010 год у 4,5 разы! Адсюль і такі “залаты” кошт. Але на гэтым кошты не спыняцца. У бліжэйшым часе расейская грэчка можа перасягнуць ажно 19 тысячаў.

“Я вам магу сказаць, што ў бліжэйшым часе будзе яшчэ адно падаражаньне. Сярэдні кошт кантрактнай цаны ў Расеі павялічыўся, прыкладна, на 20 адсоткаў. Калі на расейскую грэчку будзе попыт, і мы будзем завозіць яшчэ, дык ужо па новых коштах”, – распавяла супрацоўніца фірмы.

А попыт на грэчку, паводле яе словаў, не зьменшыўся, і людзі гатовыя плаціць нават па 16 тысячаў за кілаграм. Маўляў, расейская грэчка першага гатунку, а беларуская толькі трэцяга, і здабыць у краме яе амаль немагчыма. Таму нявыключана, што неўзабаве за расейскія крупы давядзецца выкладваць больш за 19 тысячаў.

Радыё Свабода ў матэрыяле “Грачаная інфляцыя” публікуе графікі падаражэньня грэчкі, паводле якога папулярныя грачаныя крупы за год падаражэлі ў 6 разоў.

Выбары скончаныя: Камуналка пайшла ў шалёны рост

 
Новыя тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі ўстаноўленыя ў Беларусі з 1 лютага. Зьмяненьне тарыфаў прадугледжанае пастановай Савета міністраў № 138.

Тарыфы на электрычнасьць і газ выраслі задняй датай на 11—83%.

Электраэнергія падаражэла на 12,0—31,4% — са 125,3 да 164,6 рубля за кілават у дамах з электраплітамі і са 173 да 193,8 рубля ў дамах з газавымі плітамі (аднаставачныя тарыфы).

Кошт халоднай вады павялічыўся на 21,2% — з 385,7 да 467,5 рубля за кубаметр.

Тарыф на цеплавую энергію для патрэбаў ацяпленьня і гарачага водазабеспячэньня застаўся на ўзроўні 43.458,3 рубля на 1 Гкал, тарыф на каналізацыю — 242 рублі за кубаметр вады, тарыф на вываз і абясшкоджваньне цьвёрдых пабытовых адыходаў — 4.764 рубля за кубаметр, за карыстаньне ліфтам — 1.421 рубель за аднаго жыхара.

Кошт газу для аднаго жыльца, які жыве ў кватэры з газавай плітой і гарачым водазабеспячэньнем, без газавага лічыльніка складзе 6.789,6 рубля супраць 3.696 (рост на 83,7%). Па асобных пазіцыях газ падаражэў больш чым удвая. 

Тарыф на тэхнічнае абслугоўваньне жылых дамоў вырас на 4,4% — з 296 да 309 рублёў у месяц за 1 кв. метр агульнай плошчы жылога памяшканьня.

Магі з Саўміна пры гэтым абяцаюць, што агульны кошт жыровак вырасьце ўсяго на 5 даляраў. 

Цяперашнія тарыфы дзейнічаюць з 1 лютага. Ранейшыя прымяняліся з 1 студзеня 2009 года ў адпаведнасці з пастановай урада ад 16 снежня 2008 года.

 

Паводле матэрыялаў “Радыё Свабода”, “Еўрарадыё” і “Наша Ніва”

Болей навін