Адкрыты зварот епіскапа Вячаслава Ганчарэнкі

10 лютага 2011 23:37  |  Галоўныя навіны

10 лютага ў Адміністрацыю прэзідэнта, КДБ, МУС, Генпракуратуру і Вярхоўны Суд быў разасланы адкрыты зварот епіскапа Рэлігійнага аб’яднаньня хрысьціянаў поўнага Евангельля ў Рэспубліцы Беларусь, пастара царквы “Новае Жыцьцё” Вячаслава Ганчарэнкі, прысьвечаны рэпрэсіям у Беларусі, якія працягваюцца.

АДКРЫТЫ ЗВАРОТ ЕПІСКАПА ВЯЧАСЛАВА ГАНЧАРЭНКІ


Як служыцель царквы на зямлі беларускай, зьвяртаюся да ўсіх уладных структураў і іх кіраўнікоў, якія маюць дачыненьне да зьбіцьця нявінных людзей у Менску на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежні 2010 года.

 
Зьвяртаюся таксама да людзей, якія маюць дачыненьне да масавых арыштаў прыстуных там мірных грамадзянаў, да ўзбуджэньня крымінальных справаў, ператрусаў, канфіскацыі асабістых рэчаў, да звальненьняў з працы, адлічэньняў зь месцаў навучаньня, перасьледаў журналістаў, перашкодаў у дзейнасьці ці закрыцьця незалежных сродкаў масавай інфармацыі, да адкрытых паклёпаў у СМІ, да судовых працэсаў з удзелам ілжэсьведак, да аказаньня ціску на адвакатаў, урачоў і простых грамадзянаў. 

Спыніцеся і не парушайце галоўныя запаведзі Гасподнія: «Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам і палюбі блізкага твайго, як самога сябе» (Евангельле ад Матфея 22:37-39). Бо Бог зьняважаны не бывае: што пасее чалавек – тое і пажне.

Заклікаю вызваліць са зьняволеньня ўсіх вязьняў, арыштаваных па палітычных матывах, уключаючы тых, хто адкрыта вызнае сваю хрысьціянскую веру: Паўла Севярынца, Зьміцера Дашкевіча, Насту Палажанку, Алеся Кіркевіча

Заклікаю спыніць крымінальны перасьлед грамадзянаў Рэспублікі Беларусь па надуманых абвінавачваньнях у арганізацыі масавых беспарадкаў. 

Заклікаю да шчырага пакаяньня ўсіх удзельнікаў і арганізатараў гэтага вар’яцкага дзеяньня супраць нявінных людзей, і хай даруе вам Гасподзь Бог. 

З малітвай за Беларусь, 

Епіскап РАСХПЕ ў Рэспубліцы Беларусь, 

пастар царквы «Новае Жыцьцё» ў г.Менску 
Вячаслаў Ганчарэнка 

Болей навін