Чацьвёрты ліст ад Севярынца сьведчыць, што сам ён лістоў не атрымлівае
Сёньня маці зьняволенага лідэра БХД Паўла Севярынца Тацьцяна Яўгенаўна паведаміла прэс-службе БХД, што атрымала ўжо чацьвёрты па ліку ліст ад сына, датаваны 5 лютага і пазначаны нумарам 10. Тацьцяна Севярынец задаволеная, што шматлікія скаргі, напісаныя ёй у апошні час, далі плён, і лісты сталі даходзіць рэгулярна. Але са зьместу ліста, яна робіць выснову, што самому Паўлу лісты з волі не даходзяць.
“Тое, што некаторыя ягоныя лісты даходзяць да нас, сам Павал здагадваецца па другасных прыкметах, у прыватнасьці па тым, што яму перадалі лекі і манікюрныя нажніцы, якія ён прасіў. Але ён нічога ня піша пра тое, што атрымлівае нашыя лісты”, – зазначае спадарыня Тацьцяна.
“Таксама Павал вельмі дзякуе тым, хто дасылаў яму пасылкі і пералічваў на ягоны рахунак грошы, называючы ахвярнікаў па імёнах: спадарыне Іне, спадару Аляксандру, Эле Ігранаўне Олінай, Ірынцы Губскай, Юліі Фраловай. Відаць, ён атрымлівае інфармацыю пра тое, хто канкрэтна пералічвае грошы і дасылае пасылкі. Але гэта таксама азначае, што акрамя пераказаў і пасылак ніякія лісты з волі да яго не даходзяць”, – робіць выснову яна.
А яшчэ, паведамляе Тацьцяна Севярынец, у гэтым лісьце Павал паведаміў, што напісаў 2 заявы: заяву на сустрэчу з адвакатам, паколькі апошняя была яшчэ 29 снежня мінулага года, і заяву на тое, каб да яго дапусьцілі святара на споведзь і на прычасьце.
Таксама ў лісьце Севярынец традыцыйна перадае прывітаньне і зычэньне Божай Ласкі ўсім тым, хто перажывае і моліцца за яго. Сам ён таксама моліцца, піша, абдумвае.