Затрыманага на літоўскай мяжы Вадзіма Кабанчука завезьлі на Акрэсьціна. Заўтра суд (Абноўлена)

14 лютага 2011 17:46  |  Навіны

Затрыманага ў нядзелю на літоўскай мяжы сябра БХД і ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага Вадзіма Кабанчука сёньня ў другой палове дня з Ашмянскага РАУСа перавезьлі на Акрэсьціна і заўтра будуць судзіць у Маскоўскім судзе Менска.

 

У нядзелю ўвечары Вадзім вяртаўся зь Літвы рэйсавым аўтобусам з Вільні, дзе знаходзіўся па грамадзкіх справах. Ён меў пры сабе каля 100 газетаў пра падзеі ў краіне пасьля прэзідэнцкіх выбараў, выдадзеных беларускімі актывістамі па-за межамі Беларусі. Мытнікі пры аглядзе сканфіскавалі гэтыя інфармацыйныя матэрыялы на экспертызу, склаўшы адпаведны пратакол. 

 

Самога Кабанчука спачатку больш за чатыры гадзіны трымалі на мяжы, затым выклікалі міліцыю з Ашмянаў. Вадзіма адвезьлі ў Ашмянскі РАУС, дзе склалі пратакол за быццам бы супраціў мытнікам і спрабавалі прымусіць яго падпісаць гэты фальшывы пратакол.

 

Таксама Вадзім паведаміў, што ў панядзелак 14 лютага ў Ашмянах яго зьбіраюцца судзіць паводле гэтага пратакола, хаця ягоны адвакат ня зможа на ім прысутнічаць. Сам Кабанчук выказаў меркаваньне, што хутчэй за ўсё, яго як мінімум хочуць пасадзіць на суткі. 

 

На раніцу панядзелка мабільны тэлефон Вадзіма Кабанчука быў адключыны. Яго маці,  бабруйская каардынатарка БХД Таісія Карпаўна Кабанчук з самага рання тэлефанавала па ўсіх адміністрацыйных тэлефонах Ашмянскай міліцыі і суда ды спрабавала даведацца інфармацыю пра сына.

 

У Ашмянскім РАУСе Таісіі Кабанчук спачатку сказалі, што сярод затрыманых такога няма, бо сканфіскаваўшы інфармацыйныя матэрыялы, яго самога быццам бы выпусьцілі. Але пасьля, калі маці прыгразіла напісаць заяву аб зьнікненьні, прызналі, што Кабанчук сапраўды затрыманы і знаходзіцца ў дзяжурнай частцы Ашмянскага РАУСа.

 

У судзе Ашмянскага раёна Таісіі Карпаўне паведамілі, што справа Кабанчука ім яшчэ не паступала. Быў спадзеў, што Вадзім пасьпеў напісаць хадайнітва пра перанос суда ў сувязі з адсутнасьцю адваката, але каля 14-00 Таісіі Кабанчук паведамілі ў РАУСе, што суд усёткі адбудзецца сёньня ў другой палове дня.

 

Як стала вядома каля 18-00, сапраўды ў 2 гадзіны дня нейкія супрацоўнікі выезьлі Вадзіма Кабанчука з дзяжурнай часткі Ашмянскага РАУСа быццам бы ў суд, але ў Ашмянскі суд Кабанчука не прывезьлі і ягонае месцазнаходжаньне паведамляць адмовіліся.

 

Паводле парады праваабаронцаў маці актывіста патэлефанавала ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. І сапраўды, ёй там пацьвердзілі, што Кабанчука Вадзіма Міхайлавіча сапраўды нядаўна прывезьлі і заўтра павязуць судзіць у суд Маскоўскага раёна Менска.

Болей навін