Святы Валянцін. З гісторыі свята
З гісторыі валянцінак13.02.2011 20:26На працягу некалькіх апошніх тыдняў усе СМІ (кожны з розных ракурсаў) распавядаюць пра традыцыі, мерапрыемствы, навіны, звязаныя з Днём святога Валянціна. Святы Валянцін лічыцца апекуном сужэнстваў, і з яго імем звязана шырока распаўсюджаная традыцыя «валянцінак», т. зв. віншавальных паштовак у «свята закаханых». Упершыню гэтае свята адзначалася ў 496 г.
Язычніцкія пачаткі
Карані сённяшніх «валянцінак» трэба шукаць не ў хрысціянстве, а ў язычніцкім Рыме. Гэтая дата была абрана самой прыродай: у сярэдзіне лютага птушкі, якія гнездаваліся ў Вечным Горадзе, распачыналі любоўныя залёты і аб’ядноўваліся ў пары. Гэта лічылася сімвалічным абуджэннем прыроды, якое прадвяшчала хуткі прыход вясны. З гэтай прычыны на 15 лютага рымляне вызначалі дату святкавання т. зв. «луперкаліяў» (ад лац. Lupercalia) — фэсту на ўшанаванне бога плоднасці Фаўна (Луперка). Напярэдадні святкавання праводзілася любоўная латарэя: імёны дзяўчат запісваліся на лістках паперы, пасля чаго іх выцягвалі хлопцы — такім чынам гэтыя дзяўчаты станавіліся іх партнёршамі на час «луперкаліяў». Здаралася, што з гэтага часу пары сустракаліся на працягу цэлага года альбо нават заставаліся адно з адным на ўсё жыццё.
У IV стагоддзі, калі хрысціянства стала пануючай рэлігіяй у Рымскай імперыі, язычніцкія святы паступова замяняліся святамі хрысціянскімі. «Луперкаліі» былі настолькі папулярнымі, што ўтрымаліся ажно да канца V ст. Скасаваў гэтае свята ў 496 г. Папа Гелазій І, змяніўшы яго бліжэйшым па літургічным календары святам мучаніка Валянціна. Дзень святога Валянціна стаў сапраўдным днём закаханых у Сярэднявеччы.
Чаму валентынкі?
Паводле падання, у часы панавання цэзара Клаўдыя Готыка Рым быў уцягнуты ў крывавыя войны, непапулярныя да такой ступені, што мужчыны не жадалі ісці ў войска. Цэзар зрабіў выснову, што прычынай такіх паводзінаў было нежаданне мужчынаў пакідаць сваіх нявестаў і жонак. Таму ён адмяніў усе запланаваныя заручыны і шлюбы. Святар Валянцін дапамагаў парам, якія жадалі ажаніцца, і рабіў гэта патаемна. Аднак яго злавілі і прысудзілі да пакарання смерцю. Валянціна білі, пакуль ён не сканаў, пасля чаго яму адсеклі галаву.
Гэта адбылося 14 лютага 269 г. — у дзень, калі праводзіліся т. зв. «любоўныя латарэі». Легенда дадае, што перад пакараннем у турме Валянцін пасябраваў з дачкою вартаўніка, якая наведвала яго і падтрымлівала маральна. У знак удзячнасці ён пакінуў ёй на развітанне ліст у форме сэрца, на якім напісаў: «Ад твайго Валянціна». У 1496 г. папа Аляксандр VI абвясціў святога Валянціна апекуном закаханых.
У 1800 г. амерыканка Эстэр Хоўланд паклала пачатак традыцыі высылання гатовых «валянцінак». Сёння імі ва ўсім свеце абменьваюцца не толькі закаханыя, але таксама дзеці і падлеткі ў школах.
Найбольш вядомым іх стваральнікам быў французскі графік Раймон Пейнэ. Ён пачаў іх публікаваць у 1965 г., калі дзень 14 лютага ў Францыі быў афіцыйна абвешчаны Днём закаханых. У Аўстрыі ў гэты дзень адбываюцца вулічныя шэсці, у Англіі закаханыя дораць адно аднаму сэрцы з картона, упрыгожаныя выявамі Рамэо і Джульеты, а ў Амерыцы — проста шлюць лісты па электроннай пошце. Далучыліся да святкавання і беларусы, якія часцей за ўсё ўручаюць сваім каханым гатовыя паштоўкі-«валентынкі».
Малітва да святога Валянціна
Святы Валянцін, апякун закаханых. Ты, які, рызыкуючы жыццём, абвяшчаў евангельскае пасланне супакою, які, праз мучаніцтва, прынятае з любоўю, перамог усе сілы абыякавасці, нянавісці і смерці, выслухай нашыя малітвы. Перад абліччам падзелаў у свеце дапамажы нам заўсёды любіць неэгаістычнай любоўю, каб сярод людзей мы былі вернымі сведкамі любові Бога.
Няхай ажываюць у нас любоў і давер, якія дазволяць пераадольваць жыццёвыя перашкоды. Просім цябе, апякуйся намі перад Богам, які з’яўляецца крыніцай любові і ўсёй прыгажосці, які жыве і валадарыць на вякі вечныя. Амэн.