З актывісткай БХД правядуць у КДБ індывідуальную прафіляктыку
Магілёўская актывістка стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Тацьцяна Шамбалава атрымала позву ў КДБ. Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі яна была даверанай асобай Віталя Рымашэўскага.
Выклікаюць актывістку на індывідуальную прафіляктычную гутарку. Позву прывёз ёй дахаты опэрупаўнаважаны Андрэй Махуноў. Да яго яна мусіць зьявіцца а 12-й гадзіне 15 лютага.
«Ніякай канкрэтыкі пра тое, што гэта за такая гутарка, ён мне не патлумачыў. У самой жа позьве напісана зьявіцца для індывідуальнай прафіляктыкі. Запытаў у мяне толькі пра тое, у які час мне зручна прыйсьці на гутарку. Пры мне ўпісаў 12 гадзінаў. Наагул я ўпершыню пайду ў гэтую ўстанову. Мяне троху зьдзіўляла, што за такі час мяне не ўзгадала яна. Але, відаць, чарга дайшла й да мяне», – распавяла Тацьцяна.
Тацьцяна Шамбалава — удзельніца акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня, за што адседзела 10 сутак адміністрацыйнага арышту, напрацягу якіх трымала галадоўку. Зараз Тацьцяна вучыцца ў Польшчы. Раней вучылася ў Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова. Адтуль адлічылі, як кажа актывістка, за актыўную грамадзкую дзейнасьць. У 2008 годзе Шамбалава вылучалася ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, а ў 2010 — у Княжыцкі сельскі савет.
Што да опэрупаўнаважанага КДБ Андрэя Махунова, дык ён ужо пасьпеў стаць героем недзяржаўнай прэсы і інтэрнэту. Падчас допыту старшыні абласной арганізацыі партыі БНФ Зьмітра Салаўёва, як кажа актывіст, камітэтчык выпытваў, хто напісаў верш «На сход». Купалаўскі верш Салаўёў захоўваў у кампутары, які забралі падчас вобшуку супрацоўнікі КДБ.