Адкрыты зварот БХД: “Стань сьведкам” (тэкст зварота)

15 лютага 2011 21:25  |  Галоўныя навіны

 

На прэс-канферэнцыі аргкамітэта БХД у аўторак 15 лютага агучаны адкрыты зварот да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь з заклікам да салідарнасці і абвяшчэннем кампаніі “Стань сведкам”. 

 

Падаем тэкст зварота:

 

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя канстатуе: працягваецца беспрэцэндэнтны ціск на сябраў аргакамітэта, членаў ініцыятыўнай групы кандыдата ў Прэзідэнты ад хрысціянскіх дэмакратаў Віталя Рымашэўскага, рэгіянальных кіраўнікоў БХД.

Ад 19 снежня  да гэтага дня цягнуцца арышты, ператрусы, допыты, робіцца ўціск на актывістаў.

 

5 сябраў БХД з’яўляюцца абвінавачанымі па справе 19 снежня, у тым ліку, сустаршынi партыі Павал Севяынец і Віталь Рымашэўскі. Павел  Севярынец разам з іншымі палітзняволенымі дагэтуль знаходзцца за кратамі.

 

14 лютага на беларуска-літоўскай мяжы быў незаконна затрыманы Вадзім Кабанчук, якога толькі што асудзілі на 10 сутак, але пагражаюць таксама крымінальнай справай.

 

Мы выказваем абурэнне фактамі грубага парушэння правоў чалавека ў Беларусі, незаконнымі арыштамі і затрыманнямі. Патрабуем вызваліць усіх зняволеных па палітычных матывах.

 

Мы звяртаемся да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

 

Адзіная зброя дыктатуры – гэта страх. Мэта іх дзеянняў апошніх месяцаў – запужаць беларусаў, знішчыць незалежныя дэмакратычныя сілы.

 

Наш адказ на гвалтоўныя дзеянні, на запужванне мусіць быць адзін – узмацненне салідарнасці, яднанне ў супольным негвалтоўным супраціве, актыўныя дзеянні.

 

Мы заклікаем усіх далучацца да дзейнасці Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, іншых палітычных і грамадкіх ініцыятыў і арганізацый. Абараніць свабоду і незалежнасць нашай краіны, вызваліць зняволеных мы можам толькі разам!

 

Нам няма чаго баяцца і няма што хаваць. Нашы дзеянні заўсёды былі і застаюцца выключна негвалтоўнымі, скіраванымі на усталяванне свабоды і дэмакратыі, на ўмацаванне незалежнасці Беларусі.

 

У сувязі з тым, што пачынаюцца судовыя працэсы над абвінавачанымі па справе 19 снежня, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя абвяшчае кампанію “Стань сведкам”. 

 

Мы заклікаем усіх, хто браў удзел у акцыі пратэсту 19 снежня далучыцца да кампаніі і засведчыць на судах пра мірны, негвалтоўны  характар правядзення акцыі, пра дзеянні абвінавачаных лідэраў, накіраваныя на спыненне правакацый і гвалту.

 

Ад кожнага неабыякавага чалавека, кожнага актывіста сёння залежыць лёс нашай краіны. Мы павінны сцвердзіць, што ў беларускага народу ёсць сілы для пераадолення страху, да змагання за свабоду.

 

Кантакты кампаніі:  

тэлефон: 8 029 1673435

сайт bchd.info[email protected]

220123, г. Мінск, а/с 324

 

15.02.2011г, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя

Болей навін