Тацьцяне Шамбалавай замест кветак у КДБ уручылі папярэджаньне за Плошчу і БХД (фота дакумента)

16 лютага 2011 17:25  |  Навіны

Магілёўскай гарадзкой каардынатарцы аргкамітэта БХД Тацьцяне Шамбалавай, якая на апошніх прэзідэнцкіх выбарах была даверанай асобай Віталя Рымашэўскага, на так званай прафілактычнай гутарцы ва ЎКДБ уручылі афіцыйнае папярэджаньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Менску 19 сьнежня 2010 года, што можа прывесці да крымінальнага перасьледу па артыкулах 193–1 і 293 КК. Таксама на гутарцы Шамбалавай паведамілі, што з 9 лютага яна пастаўленая на прафілактычны ўлік.

 

Афіцыйную позву Шамбалава атрымала напярэдадні ўвечары, 14 лютага. Калі старэйшы оперупаўнаважаны Андрэй Алегавіч Махуноў, які праводзіў гэтую гутарку, прыехаў з позвай да Тацьцяны дадому, каб асабіста ўручыць яе дзяўчыне, тая пажартавала: “А што гэта вы ў Дзень Святога Валянціна прыехалі да дзяўчыны без кветак?”. Супрацоўнік спецслужбаў усьміхнуўся і паабацаў на наступны дзень рэабілітавацца.  Але на наступны дзень Махуноў уручыў Тацьцяне афіцыйную пастанову са словамі: “Гэта вам замест кветак”.

“Пытаньні Махунова тычыліся практычна ўсяго: жыцьця, беларускай мовы, майго навучаньня ва ўніверсітэце імя Мікалая Каперніка ў Торуні, нават плётак пра мяне” — распавяла Шамбалава. — “Ён доўга спрабаваў давесьці, што я зьяўляюся кіраўнічкай магілёўскага гарадзкога аддзяленьня незарэгістраванай партыі БХД, а я спрабавала растлумачыць, што існуе арганізацыйны камітэт і людзі маюць права збірацца і праводзіць мерапрыемствы па падрыхтоўцы да правядзення ўстаноўчага зьезда, каб стварыць партыю.

 

“Ну вы ж сустраецеся, мне ж усё вядома, што вы абмяркоўваеце і праводзіце акцыі і мерапрыемствы, якія ня мае права праводзіць аркамітэт”, – даводзіў Махноў, паказваючы пры гэтым ксеракопію з ксеракопіі нейкага сьпісу удзельнікаў якогась мерапрыемства яшчэ за 2008 год, прычым не нашага ўласна. Пытаўся, колькі год існуе аркамітэт, дык чаму партыя ўсё яшчэ незарэгістраваная, але ж гэта пытаньне не да мяне, а да мінюста,”— зазначыла  Тацьцяна. 

Яна таксама паведаміла, што падчас гутаркі з Махуновым у кабінеце прысутнічаў яшчэ адзін чалавек, які адмовіўся назвацца. Уся размова доўжылася каля 1,5 гадзіны і праходзіла ў ветлівай форме.

У КДБ Шамбалава прыйшла са сваім прадстаўніком, праваабаронцам Барысам Бухелем, аднак яго не дапусьцілі на гутарку. «Згодна з КПК мы не маглі настойваць на прысутнасьці прадстаўніка», — патлумачыў Бухель. Паводле яго словаў, папярэджаньне Шамбалавай будзе абскарджанае.

Магіляўчанка была затрыманая падчас разгону мірнай акцыі 19 снежня і асуджаная на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, якія адбывала ў ІЧУ Менскага раёну. Увесь тэрмін зняволеньня актывістка трымала галадоўку. Вызваліўшыся, яна абскардзіла свой арышт, аднак разгляд скаргі адбыўся ў яе адсутнасьц і быў адмоўным.

З адказу на сваю дадатковую скаргу на імя начальніка ІЧУ, у якой яна з-за сваёй галадоўкі адмаўляецца аплочваць выстаўлены ёй гэтай установай грашовы рахунак, Шамбалава даведалася, што аплаціць утрыманьне ў ІЧУ яна павінна таму, што яе “кармілі тры разы на день” за кошт дзяржавы.  

 

Тацьцяне Шамбалавай замест кветак у КДБ уручылі папярэджаньне за Плошчу і БХД (фота дакумента)

 

Паводле ПЦ “Вясна”, “Нашай Нівы” і ўласнай інфармацыі

Болей навін