Мастоўскі суд адмовіў актывістцы БХД Алене Давідовіч у скарзе наконт выхаваньня дзетак

17 лютага 2011 18:33  |  Навіны

Актывістка БХД з Мастоў Алена Давідовіч, якая адна выхоўвае дваіх дзетак, скардзілася ў Мастоўскі суд на пастанову камісіі па справах непаўнагадовых пры Мастоўскім райвыканкаме. Пасьля ананімнага даносу на яе камісія вынесла папярэджаньне “аб адказнасьці за неналежнае выкананьне бацькоўскіх абавязкаў па выхаваньні і ўтрыманьні дзяцей, забесьпячэньні аховы іх жыцьця і здароўя”.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў Алена Давідовіч удзельнічала ў камандзе кандыдата ў прэзыдэнты ад БХД Віталя Рымашэўскага, а таксама была назіральніцай на выбарчым участку. Пасьля выбараў высьветлілася, што яшчэ 16 сьнежня на яе паступіла ананімная заява пра тое, што яна нібыта пакідае дзяцей надоўга, ходзіць па суседзях, просіць, каб тыя зь імі пасядзелі. 

Разгледзеўшы ананімку, камісія тады папярэдзіла Алену Давідовіч, а таксама вынесла рашэньне, што раённы сацыяльна-пэдагагічны цэнтар павінен правесьці зь ёю “растлумачальную прафіляктычную працу”.

 

Але Алена зьвязвае гэтае рашэньне з ціскам на яе з-за ўдзелу ў выбарчай кампаніі ды асабістай помстай намесьніцы старшыні райвыканкамуТаісіі Мурынай, якая па дзіўным супадзеньні, кіруе гэтай камісіяй. А загадчыкам мастоўскага РАНА зьяўляецца спадар Ціхановіч, які на выбарах уваходзіў у склад камісіі на адным з выбарчых участкаў, дзе пабывала А.Давідовіч як назіральнік. Прозьвішчы абодвух гэтых людзей згадваліся ў перадвыбарчай скарзе, якую падпісала Алена.

 

Таму Алена Давідовіч абскардзіла рашэньне камісіі па справах не паўнагадовых ў суд. Але суд адмовіў ёй на падставе таго, што пазоўніца не ўлічыла парадак папярэдняга пазасудовага разгляду справы. Яна, маўляў, павінна была спачатку зьвярнуцца са скаргай у Мастоўскі раённы выканаўчы камітэт, якому падначаленая камісія па справах непаўнагадовых, і толькі пасьля яе рашэньня пісаць скаргу ў суд.

 

Алена Давідовіч кажа, што напісала скаргу ў суд з тае прычыны, што ў пастанове, вынесенай адносна яе камісіяй па справах непаўналетніх, кажацца аб тым, што яна можа зьвяртацца са скаргай на рашэньне камісіі як у суд, так і ў Мастоўскі раённы камітэт.

 

У праваабарончым цэнтры “Вясна” Алене Давідовіч патлумачылі, што адмова незаконная, таму Давідовіч мае намер абскардзіць адмову суда ў Гарадзенскім абласным судзе.

Болей навін