Першы крымінальны прысуд удзельніку Плошчы-2010 – 4 гады строгага рэжыму
У Фрунзенскім судзе Менску закончыўся працэс над Васілём Парфянковым, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых непарадках на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 году. Суд пакараў Парфянкова 4 гадамі строгага рэжыму. Судовы працэс быў адкрытым.
Суд над Парфянковым адбыўся вельмі хутка. Пасля перапынку на абед быў дапытаны апошні сведка, быў удакладнены памер зыску, які павінны сплаціць абвінавачаныя – гэта 14 млн. рублёў, удвая менш, чым першапачаткова патрабавала міліцыя (29 млн. рублёў).
Пракурор – дзяржаўны абвінаваўца, запатрабаваў для Васіля Парфянкова вялікі тэрмін зняволення – шэсць гадоў у калоніі строгага рэжыму.
Асаблівых доказаў віны Парфянкова ў выступе пракурора прыведзена не было: доказаў таго, што Парфянкоў удзельнічаў у масавых беспарадках, што рабіў ён узброены супраціў супрацоўнікам улады і знішчаў дзяржаўную маёмасць.
Гэтыя абставіны ў сваім выступе падкрэсліў абаронца, які, літаральна, па паліцах расклаў усё абвінавачанне і паказаў, што ўвогуле нельга казаць пра нейкія масавыя беспарадкі, бо масавыя беспарадкі характэрныя працяглым часам, моцнымі хваляваннямі і пашкоджаннем дзяржаўнай маёмасці, падпаламі – нічога падобнага, як адзначыў абаронца, не было. Была дэманстрацыя тысяч людзей і выпадак, калі невядомыя людзі пачалі біць шкло.
Абаронца звярнуў увагу, што на фотаздымках і відэаматэрыялах бачна гэтых людзей, якія б’юць шкло – іх знялі, літаральна, ва ўпор, але ў матэрыялах следства яны ахарактарызаваныя як нязнойдзеныя ці неўстаноўленыя людзі.
Абаронца папрасіў апраўдаць Парфянкова па 2-й частцы 239 артыкула, г.зн. прызнаць яго невіноўным у масавых беспарадках. Але суд палічыў інакш і суддзя Вольга Комар вынесла Васілю Парфянкову прысуд у 4 гады строгага рэжыму. Таксама ён павінен кампэнсаваць страты ў памеры 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў. Нібыта пашкоджаны будынак, вадасьцёкавыя трубы, шкло і зеляніна. У гэтую суму ўваходзяць таксама 700 тысяч рублёў дзяржаўных судовых пошлін.
Васіль Парфянкоў – адзін з 42 абвінавачаных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году. Яго абвінавачвалі па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках).
Падчас прэзідэнцкіх выбараў Парфянкоў быў актывістам выбарчага штабу кандыдата ў прэзідэнты Ўладзімера Някляева. Яго затрымалі 4 студзеня ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках і змясцілі ў следчы ізалятар ГУУС Менгарвыканкаму.
На пачатку 2000-х гадоў Васіль Парфянкоў браў удзел у абароне мэмарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапацкім лесе.