Вярхоўны суд разгледзіць скаргу БХД на Мінюст з нагоды чарговай нерэгістрацыі партыі
У аўторак, 22 лютага а 10-й гадзіне распачнецца паседжаньне Вярхоўнага Суда РБ па скарзе прадстаўнікоў Нацыянальнай Рады БХД на рашэньне аб чарговай адмове Міністэрства юстыцыі ў дзяржаўнай рэгістрацыі партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”.
Прадстаўнікі БХД патрабуюць прызнаць, што адмова Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у рэгістрацыі партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” зьяўляецца незаконнай і парушае правы яе заснавальнікаў, а таксама абавязаць Мінюст ажыцьцявіць дзяржаўную рэгістрацыю БХД.
Нагадаем, 12 верасня 2010 года ў Менску адбыўся трэці па ліку Устаноўчы Зьезд па стварэньні Партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” (Партыя БХД). 17 і 19 верасня ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь былі пададзеныя неабходныя дакуманты. 30 кастрычніка 2010 года БХД атрымала ліст Мінюста ад 29 кастрычніка, у якім паведамляецца, што пастановай Міністэрства юстыцыі № 81 ад 25 кастрычніка 2010 года прынятае рашэньне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі БХД. Між тым, месячны тэрмін для разгляду заявы аб рэгістрацыі Партыі БХД сканчаўся 16 кастрычніка 2010 года. Такім чынам, Мінюст парушыў прадугледжаны законам тэрмін разгляду заявы аб рэгістрацыі палітычнай партыі.
У якасьці падставаў для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі Міністэрствам юстыцыі Партыі БХД пазначаныя парушэньне парадку стварэньня Партыі, прадстаўленьне дакумантаў і зьвестак, якія не адпавядаюць патрабаваньням заканадаўства, у тым ліку падробленых і несапраўдных дакумантаў, а таксама тое, “умовы сяброўства ў Партыі не адпавядаюць устаноўчым дакумантам Партыі і заканадаўству”. Але ў адмове Міністэрства юстыцыі ёсьць толькі пералік таго, што паводле Мінюста, зьяўляецца парушэньнем, але не прыводзіцца ніякіх доказаў прадстаўленьня падробленых альбо несапраўдных дакументаў.
Асобна БХД зьвяртае ўвагу Вярхоўнага суду на тое, у якім кантэксьце Міністэрства юстыцыі згадвае такую ўмову сяброўства ў Партыі БХД, як падзел маральна-этычных ідэалаў хрысьціянства. Гэты кантэкст ня проста ня мае дачыненьня да Закону, але зьяўляецца абуральным і выходзіць далека па-за межы кампетэнцыі Міністэрства юстыцыі і яго асобных прадстаўнікоў. На якой падставе Мінюст палічыў, што здольны вырашаць за канкрэтных грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, падзяляюць тыя маральна-этычныя ідэалы хрысьціянства ці не, і ажыцьцяўляць на гэтай падставе “праверку” асобаў заснавальнікаў Партыі БХД паводле згаданай суб’ектыўнай прыкметы?
А насамрэч, Мінюст з дапамогай КДБ, міліцыі, мясцовых адміністрацыяў праз запалохваньні прымушаў людзей адмаўляцца ад сяброўства ў БХД. Шматлікія выпадкі ціску на заснавальнікаў Партыі былі зафіксаваныя ў гарадах і мястэчках па ўсёй Беларусі. Заснавальнікам БХД пагражалі звальненьнем з працы ды іншымі непрыемнасьцямі, калі яны не адклічуць свае подпісы.
Таксама нагадаем, што літаральна некалькі дзён таму магілёўская каардынатарка аргкамітэту БХД Тацьцяна Шамбалава атрымала афіцыйнае папярэджаньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, што можа прывесьці да крымінальнага перасьледу па артыкуле 193 ч.1 КК РБ. Кіраўніцва БХД лічыць, што гэта ёсьць першай ластаўкай пачатку перасьледу сябраў БХД у сувязі з пастаяннымі незаконнымі адмовамі Мінюста ў рэгістрацыі партыі.